Позна ўвечары, калі з бібліятэкі пачалі ўсе разыходзіцца, Люся неўпрыкмет шапнула Вольцы:
— Астанься на хвілінку...
Як толькі на ганку аціхлі апошнія крокі, Люся адчыніла фортку, каб праветрыць пакой, прывяла ў парадак газеты, шахматы, шашкі і падсела да сяброўкі:
— Вось што, Волька, нам трэба пагаварыць.
— Давай,— адразу згадзілася тая і, гупнуўшыся на лаўку, нецярпліва павяла падведзеным брывом.
— І не сорамна табе? — адразу накінулася Люся.— А яшчэ сакратар камсамольскай арганізацыі! Нездарма цябе прабіралі ў райкоме, ды, відаць, мала.
— А што такое? — бяскрыўдна спытала Волька.
— «Што такое»! — перадражніла Люся.— А тое, што сама хлопцам патураеш.
— Я? — Волька няўцямна заморгала вейкамі.
— А то, мусіць, я? Лезе да яе які-небудзь п’яніца абнімацца, а яна не варухнецца, сядзіць, як статуя. Я яго правучыла б... Не дзіва, што хлопцы ў вас такія разбэшчаныя, калі дзяўчаты не ўмеюць паводзіць сябе.
— Вой, якая цаца! — надзьмула Волька свае маленькія пульхныя губкі.— Паглядзім, як ты будзеш трымацца з такімі...
— Я асталася зусім не дзеля таго, каб з табою лаяцца. Нам трэба ўсур’ёз падумаць пра тое-сёе. У вас на ферме немаведама што робіцца. Камсамольцаў многа, а толку мала. Зайшла я сёння ў чырвоны куток і дзіву далася. На лаўцы ляжыць загадчык фермы і храпе, аж на вуліцы чуваць. Даяркі кажуць, што зноў недзе налізаўся... Няма ні газеты, ні часопіса, няма жанкам дзе і рукі па-чалавечы памыць. І як старшыня з гэткім мірыцца?
— А хто яго ведае... Самахвалаў да кожнага падліжацца. Нават у старшынёвы намеснікі выбіўся, бач.
— Вось што, Волька...— забыўшыся на нядаўнюю крыўду, загаварыла Люся ціха.— Давай заўтра вывесім на ферме «баявы лісток». У мяне ўжо тое-сёе ёсць. Пару малюнкаў...
Яна дастала з шуфляды амаль гатовы «баявы лісток», дзе побач з карыкатурамі на дзвюх свінарак, якія позняцца на работу, красавалася фізіяномія соннага Самахвалава. Волька як глянула на карыкатуру, аж залілася ад смеху.
— Не шкодзіла б яшчэ нашага Зімкова так размаляваць. Ён не раз хадзіў у абдымку з Самахвалавым. Яго ўжо разбіралі на камсамольскім сходзе, але з таго як з гуся вада.
— А хіба ён камсамолец? — здзівілася Люся.
— Вось іменна.
— Ну што ж. Давядзецца пагаварыць з ім. Давай збяром камсамольскі сход і запросім на яго каго-небудзь з райкома. Гэта ўжо твой клопат. А заўтра зранку мо наклеіш у чырвоным кутку «лісток» і зойдзеш увечары да мяне, бо я ўвесь дзень буду ў горадзе: паеду па новыя кнігі.
Волька згадзілася. Дзяўчаты выйшлі з бібліятэкі, калі ў хатах ужо нідзе не было агнёў. Волька баялася ісці дадому, і Люся запрасіла яе да сябе нанач.
Назаўтра, толькі Люся прыехала з горада і адчыніла бібліятэку, да яе прыбегла Волька, села на канапу і расплакалася.
— Што з табою? Што здарылася? — кінулася да сяброўкі Люся.
— Ён мяне... аблаяў пры ўсіх,— скрозь слёзы працадзіла Волька.
— Хто? — дапытвалася Люся.
— Ды Самахвалаў...— Волька дастала з кішэні хусцінку і выцерла слёзы.— Павесіла я «лісток», а ён згледзеў ды і парваў, і мяне аблаяў.
— Ну, не плач,— спахмурнеўшы, сказала Люся.— Мы свайго даб’ёмся. Ён хутка не так заскача.
Літары спачатку дваіліся ў ягоных вачах. І толькі працёршы кулаком вочы, ён выразна прачытаў загаловак: «А Самахвалаў лаецца». Адчуў, як да скроняў прыліла кроў. Скамячыўшы газету, з сілай шпурнуў яе ў кут і скрозь зубы прамармытаў:
— Вось я табе пакажу, як абражаць! Ты ўведаеш, з кім маеш дзела...
Ён хутка забегаў па пакоі, сціскаючы ад злосці кулакі.
А ў гэты час у бібліятэцы Волька гаварыла Люсі:
— Ну і малайчына ж ты! Здорава распякла ў раёнцы нашага намесніка. Цяпер ён, відаць, лопне ад злосці.
У той вечар Люся доўга сядзела ў бібліятэцы каля добра напаленай кафельнай грубкі.
За акном шалеў вецер, шкуматаў дрэвы, бразгаў варотамі. Неяк жудасна гулі правады. А дзяўчына думала. Думала пра сваё новае жыццё, пра ўсё перажытае за апошнія месяцы. Прыпомнілася школа, дзесяты клас, выпускны вечар... Дзе цяпер школьныя таварышы? Ці ўдасца калі-небудзь зноў сабрацца ўсім разам? Ды нічога не зробіш. Жыццё ёсць жыццё. У кожнага па-свойму складваецца яно. Узяць хаця б яе. Хіба ў школе марыла яна апынуцца бібліятэкаркай вось тут, у чужой вёсцы, сярод незнаёмых людзей? Калі яна са сваёй лепшай сяброўкай Верай Дзямешка паступала ў педінстытут і не вытрымала конкурсу, то і слязінкі не пусціла перад сяброўкай. Затое, астаўшыся адна, выплакала ўсю горыч, што накіпела на сэрцы... А як цяпер Вера? Ну і сяброўка: ад’язджала, абяцала кожны тыдзень пісаць, а за два месяцы напісала толькі адно пісьмо.
На дварэ глуха ляпнула брамка.
«Пэўна, ветрам»,— падумала Люся і хацела ўжо збірацца дадому, як пачула, што хтосьці няцвёрдымі крокамі ўвайшоў у сенцы і пачаў шоргаць па дзвярах, відаць, шукаючы клямкі. Прайшло некалькі хвілін, а шорганне не аціхала. Люся нерашуча падышла да дзвярэй. Раптам яны з віскам расчыніліся на ўсю шырыню, і на парозе з’явіўся... Люся крадком глянула ў твар чалавеку і адхіснулася. «Зімкоў!» — мільганула думка. Дзяўчына адчула, як у яе пахаладзела ў грудзях.
Зімкоў некалькі хвілін вадзіў асалавелымі вачыма па пакоі, пасля, хістаючыся, паплёўся да канапы і кінуўся на яе.
— Я ўжо замыкаю бібліятэку,— асмелілася Люся і, не дачакаўшыся адказу, дадала: — Позна ўжо...
Зімкоў маўчаў, нахабна вырачыўшы вочы на дзяўчыну.
Люся ажно ўзлавалася.
— Ідзі, тут не гасцініца, каб начаваць.
Зімкоў, заікаючыся, прамямліў:
— Вось добра, што ты адна. Цяпер мы з табой паталкуем...
Ён памкнуўся падысці да дзяўчыны. Люся адскочыла ў кут і спалохана закрычала:
— Прэч адсюль! Я не хачу з табой, з п’яным, размаўляць.
Распасцёршы рукі, Зімкоў кінуўся да дзяўчыны і, злавіўшы яе, прыцягнуў да сябе. Сіпатым, прастуджаным голасам зашаптаў:
— Дурная... Я ж кахаю цябе... Чаго крычыш?..
Ён нахіліў галаву, спрабуючы пацалаваць. Люся, злаўчыўшыся, моцна пляснула яму па твары, што было сілы піхнула на канапу, а сама без паліто і хусткі выбегла на ганак. Намацаўшы замок, яна дрыжачымі ад хвалявання пальцамі крутанула ключ і толькі тады перавяла дых. Пастаяўшы колькі хвілін, асцярожна ўвайшла ў агародчык і заглянула ў акно.
Зімкоў ніцма ляжаў на канапе, шырока раскінуўшы рукі. Шапка яго валялася на падлозе.
Люся, здубянелая ад холаду, хуценька зачыніла аканіцы і падалася дадому. Але яшчэ ля брамкі згледзела, як ад плота кінулася ўбок, у цемру, чыясьці постаць. І ўжо на вуліцы разгледзела, як нехта шпаркімі крокамі, амаль подбегам, аддаляўся ад дома...
Прыбегшы да сябе, дзяўчына хутка распранулася, шмыгнула пад пярыну і стаілася, услухоўваючыся, як б’ецца сэрца. Яна ніяк не магла яшчэ апамятацца.
Спала яна ў гэтую ноч трывожна. Снілася ўсялякае страхоцце. Скрозь дрымоту чула нейкі звон. Прачнуўшыся, улавіла ціканне гадзінніка і ўсё зразумела.
Нагадалася ўчарашняе. Перад вачыма стаяў п’яны Зімкоў, яго рукі, якія нерухома звесіліся з канапы, шапка на падлозе. Яна ўспомніла, як аднойчы нехта гаварыў, што Зімкоў у цвярозым выглядзе — найлепшы хлопец, дружны, працавіты. Ды раней ён і не піў.
Люся прыпомніла, што яна замкнула яго, не выключыўшы святло. У яе мільганула думка пайсці і адамкнуць бібліятэку, забраць сваё верхняе адзенне і, калі Зімкоў ацверазеў, выпусціць яго.
Намацаўшы на стале запалкі, яна чыркнула адну з іх і глянула на гадзіннік. Стрэлкі паказвалі палову шостай. Спехам апрануўшыся, яна асцярожна, каб не разбудзіць гаспадыню, выйшла з хаты.
Дзьмуў халодны, парывісты, з кропелькамі-дажджынкамі, вецер. Цяплей ахінуўшыся хусткай, Люся набавіла кроку і хутка была ля бібліятэкі. Нячутна адчыніўшы брамку, яна асцярожна падышла да адной з аканіц і заглянула ў шчыліну. Адтуль тонкай касою ішло блеклае святло. Нічога не разгледзеўшы, Люся паднялася на ганак і намацала замок. Яна моцна здзівілася, знайшоўшы ў ім ключ. «Ну і баязліўка»,— падумала пра сябе.
Каб не абудзіць Зімкова, дзяўчына ціха зайшла ў сенцы і адчыніла дзверы. Зімкоў сядзеў ля грубкі і, як ні ў чым не бывала, курыў папяросу. Ад нечаканасці Люся ажно разгубілася і хацела ўжо падацца назад, але спакойны голас хлопца прывёў яе ў раўнавагу.
— Не бойся, Люся. Ты мне скажы вось, што я тут навытвараў?
Люся строга асекла яго:
— Нахабнік... Як табе не сорамна!
— Сорамна, Люся... Сёння я пра многае думаў. Было часу, слава богу.
— Я не хачу слухаць цябе,— строга абарвала яго дзяўчына.
— І правільна робіш... Прабач.
Зімкоў пайшоў.
Люся трохі пачакала, а пасля апранулася, выключыла святло і таксама выйшла.
Люся не ведала, чаго яе выклікаюць у райком камсамола. Надвечар у бібліятэку зайшоў паштальён і паклаў на стол невялікі светлы канверт, адрасаваны ёй. Надарваўшы канверт, дзяўчына знайшла запіску, у якой прасілі з’явіцца ў райком.
У той вечар бібліятэку яна зачыніла раней, чым звычайна. Перад дарогай хацелася добра адпачыць. Мроіліся розныя здагадкі, страхі. «Пэўна, будуць прабіраць за работу. Але што я магла зрабіць за такі кароткі час?» — нервавалася дзяўчына.
Назаўтра а дзесятай гадзіне яна была ўжо ў райкоме. Ціха падышоўшы да дзвярэй сакратара, паправіла на галаве хусцінку і нерашуча пастукала.
З-за дзвярэй пачуўся прыглушаны мужчынскі голас:
— Зайдзіце.
Перавёўшы дых, дзяўчына адчыніла дзверы і ўвайшла ў пакой. За сталом сядзеў малады мужчына і штосьці пісаў.
Люся павіталася. Сакратар ледзь улоўна хітнуў галавой і прапанаваў сесці. Пасля, зняўшы акуляры, уважліва глянуў на дзяўчыну і спытаў:
— Вы па якой справе?
Люся выняла з сумачкі запіску і падала сакратару. Ён адзеў акуляры і нейкі момант углядаўся ў паперку.
— Дык гэта вы будзеце Міронава?
— Я...— Люся інстынктыўна адчула, што здарылася нешта важнае, калі пра яе ведаюць ужо ў райкоме.
Сакратар акінуў яе позіркам і ціха сказаў:
— Дык як жа гэта, таварыш Міронава?.. Вашы паводзіны...
«Якія паводзіны?» — хацела спытаць Люся, але не асмелілася і толькі адчула, як у яе перасохла ў роце.
А сакратар штось недагаварыў, запрасіў сесці і пачаў пытацца: дзе вучылася, хто бацькі, як бавіць вольны час...
Люсі абрыдлі такія пытанні, і яна выдыхнула:
— Чаго вы мяне клікалі?
Сакратар падняўся з-за стала і пачаў хадзіць па кабінеце.
— Нам стала вядома, што вы, вясковы культработнік, паводзіце сябе непрыстойна.
— Як гэта «непрыстойна»? — Дзяўчына адчула, як адразу аж памлелі ногі.
— Вам лепш ведаць. Вы, як нам казалі, патураеце грубым звычкам лайдакоў і п’яніц, такім, як Зімкоў. Хіба ж не вы ноччу трымалі яго ў бібліятэцы?
Люся зразумела ўсё. На нейкі момант нагадаўся п’яны Зімкоў, непрыемная сустрэча з ім, чыясьці постаць, якую яна прыкмеціла, калі выходзіла на вуліцу.
Дзяўчына густа пачырванела.
— Хто пусціў такую плётку? — ужо нічога не памятаючы, ціха спытала яна.
— Вы лічыце, што ваша калгаснае начальства будзе займацца плёткамі?
Люся была зусім збянтэжана.
— Самахвалаў?!
— Хаця б і ён. А што?
— Ведаеце...— Люся паднялася, збялелая як палатно.— Выбачце мне, але я не магу гаварыць...
І яна выбегла з кабінета. Дзяўчына ўжо не чула, як сакратар услед ёй кінуў:
— Ну і гарачая. Трэба ж разабрацца...
Скверык у райцэнтры быў ціхі, бязлюдны. Люся села на лаўку і задумалася. Зрэдку яна ўзнімала галаву і мутнымі ад слёз вачыма глядзела на будынак райкома, адкуль яна нядаўна выбегла. Усё для яе ў гэты час здавалася нецікавым: і новая вёска, і бібліятэка, і гаспадыня, і работа... Хацелася забраць свой невялікі чамадан з небагатым нажыткам і, не аглядваючыся, бегчы, бегчы туды, дзе яе ўсе ведаюць, давяраюць ёй. «Мама, любая, каб ты толькі ведала, як мне цяжка»,— так і рвалася з набалелай душы.
Перад вачыма на нейкі момант паўстаў вобраз маці, добрай, ласкавай, клапатлівай. Прыпомнілася, як маці глядзела на яе, выпраўляючы ў незнаёмую мясціну. У тых вачах было столькі журбы і надзеі, столькі пяшчоты і ласкі, што ніколі іх не забудзеш. Прыпомніліся і словы маці: «Глядзі, дачушка, старайся. Будзе цяжка — не ўпадай у роспач. У жыцці яно ўсяк бывае. Трымайся людзей. А людзі добрыя, яны табе памогуць, толькі ўмей з імі жыць, ладзіць...»
Люся дастала хусцінку, выцерла слёзы і прашаптала:
«Не, я не падвяду цябе, мама».
Занятая сваімі думкамі і горам, дзяўчына не згледзела, як каля яе схілілася чыясьці постаць. І толькі тады, калі на сваім плячы адчула кволы дотык рукі, рэзка спахапілася.
— Волька? Як ты сюды трапіла?
Волька глянула ў Люсін твар і, адразу спахмурнеўшы, ціха спытала:
— Ты плакала? Няварта...
— Ды я так...— Люся пастаралася ўсміхнуцца, але ўсмешка выйшла няўдалая.
— Ой, не падманеш. Бачу, што перажываеш... Але мы за цябе ўсе пастаім!
— Праўда? — Люся недаверліва глянула на сяброўку.
— Праўда, праўда!
Волька абвіла сваімі азяблымі рукамі Люсіну шыю і прытуліла да яе сваю шчаку.
— Ой, Волька, каб ты толькі ведала, што на мяне нагаварылі...
І Люся расказала пра ўсё: і пра сустрэчу з Зімковым, і пра чалавека, які, відаць, сачыў за ёю, і пра плётку Самахвалава, і пра размову з сакратаром.
— А я толькі што з райкома,— хітра прыжмурылася Волька.— Узносы здавала. Сакратар папрасіў адшукаць цябе. Нешта хоча сказаць.
— Я не пайду туды,— заўпарцілася Люся.
— Не, ты схадзі... Сакратар прасіў, каб абавязкова.
...І зноў Люсі давялося ўзыходзіць на райкомаўскі ганак. Неяк сорамна было, што яна, як малое дзяўчо, збегла ад сакратара і нават не спрабавала пастаяць за сябе, даказаць, што ніколечкі не вінавата.
У калідоры не было ніводнага чалавека. Ціха. Толькі аднекуль з-за бакавых дзвярэй даносіўся стук машынкі.
Сакратар, убачыўшы Люсю, неяк нібы вінавата ўсміхнуўся і ветліва запрасіў сесці. Люся недаверліва глянула на яго.
А сакратар тым часам гаварыў:
— Дык вось, таварыш Міронава, мы ўжо ва ўсім разабраліся. А маглі б разабрацца і адразу, калі б вы так не гарачыліся. Мы дарэмна вас патурбавалі. У нас толькі што пабывалі людзі з вашага калгаса, і нам цяпер усё зразумела.
Выйшаўшы ад сакратара, Люся нос у нос сутыкнулася з Зімковым, строга глянула на яго і хацела павярнуць у другі бок, але Зімкоў у адзін момант падбег да яе і моцна схапіў за руку:
— Чаго ўцякаеш? Усё яшчэ баішся?
Люся азірнулася і спалохана зашаптала:
— Адыдзі. І так мне дасталося з-за цябе. Яшчэ з райкома ўбачаць...
Зімкоў засмяяўся:
— Ну, то і няхай бачаць. Я сам быў толькі што з Волькай там і расказаў пра ўсё-ўсё: і як Самахвалаў спаіў мяне, і як давёў да бібліятэкі... Волька яшчэ некалькі дзён назад даведалася, што на цябе напаклёпнічалі ў райком, і сагітавала мяне пайсці разам туды і ўсё расказаць. Хацелі, каб ты і не ведала нічога, ды не разлічылі, спазніліся трохі...
— І гэта ўсё праўда? — Люся адчула, як нечым пяшчотным напоўнілася яе сэрца.
А тым часам моцная хлапечая рука горача сціснула яе пальцы.
1956