Алесь Ставер

Жураўлі на Палессе ляцяць...

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.

 

Што ім тыя пагоды паўднёвыя!

Што ім пышны платанавы рай,

Калі клічуць іх далі сасновыя

I азёрны рабінавы край.

 

Сакавітыя пожні мурожныя

He заменіш нічым і нідзе,

I зямлю, дзе сцяжыначка кожная

У прыветлівы двор прывядзе.

 

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Зразумееш тады, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.




Крыніца: http://vershy.ru

Беларуская Палічка: http://knihi.com