epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Усеня

Здань на хутары

Перад шлюзам Гараська рэзка крутануў руль улева, і шустры «масквічок» нырнуў з дарогі, па калдобінах паскакаў уздоўж меліярацыйнага канала. Праз сотню-дзве метраў легкавушка стала з натугай падвываць - колы прабуксоўвалі ў сухім торфе. Па шкле забарабаніла сухое голле алешніку.

- От зараза! Зноў куда-та ўпёрся! - з непрыхаванай злосцю вылаяўся Гараська. - Тут, мусіць, не праедзем, трэба даваць назад. Панадзелалі, панімаеш, дарог, не знаеш, па каторай сунуцца. Зямлю спахабілі, перакапалі... Не, німашака ў нас добрага хазяіна, - бурчэў ён, азіраючыся назад, каб, крый божа, не з'ехаць з толькі што пракладзенай каляіны.

Мне, калі шчыра, і самому абрыдла ездзіць па бездарожжы і хмызняках. Цэлую гадзіну гойсаем на машыне туды-сюды, а Гараська ніяк не можа ўзбіцца на правільны шлях. Я ўжо крыху і пашкадаваў, што даў згоду на такую вылазку: дзень, мусібыць, прападзе ўпустую.

Мой адпачынак заканчваўся, а мы з бацькам не дабілі сенакос, трэба яшчэ падскочыць і ў лес: нарыхтаваць на зіму сушняку. Так што Гараська са сваёй просьбай-парадай падбіўся да мяне не зусім дарэчы.

Гараська - Гарасім Паўлавіч Шэшка (зрэшты, я нешта не прыгадаю, каб у нашай вёсцы хто-небудзь называў яго гэтак афіцыйна, хіба што на якіх сходах, калі запрашалі ў прэзідыум) - досыць дзябёлы на выгляд дзяцюк, хоць яму ўжо, кажуць, семдзесят з хвосцікам. Перад выхадам на пенсію, яшчэ на маёй памяці, ён працаваў у сельскім Савеце сакратаром, але бабулькі і дасюль пазіралі на Гараську паважліва, бо ён лепш за іншых «умеў гаварыць культурна»: сваю паляшуцкую гамонку стараўся разбаўляць расейскімі слоўцамі.

Пайшоўшы ў адстаўку, Гараська свой імпэт не суцішыў. Часу ў яго з'явілася болей, і ён цалкам аддаўся «абчэсцвеннай рабоце»: ваяваў з калгаснымі бюракратамі, калі тыя не спяшаліся прывезці дровы якой бабульцы, ці абіваў парогі раённага начальства, каб на вясковай вуліцы было меней калдобін.

Вось і да мяне Гараська падкаціўся з «абчэсцвеннай патрэбай». Злавіў на падворку і хуценька загаварыў:

- Ты - прадстаўнік рэспубліканскай прэсы, даўжон умяшацца. Прапясоч нашага прадсядацеля, бо на мяне ён не зважае. А дзела тут такое...

І Гараська таропка пераказаў сваю бяду-турботу.

Кіламетраў за дзесяць ад вёскі ёсць забыты Богам і людзьмі хутар. Яшчэ здавён на ім жылі шляхціцы Бараноўскія. Але неўзабаве старыя паўміралі, і засталася на хутары толькі Ганька. Колькі разоў калгас хацеў перавезці яе ў вёску, да людзей, абяцаў дыхтоўную хату, але Ганька чамусьці ўпарта не згаджалася. Па-ранейшаму перабівалася адна, вяла такую-сякую гаспадарку. Зрэдку прыходзіла ў вёску, праўда, з людзьмі нават не здароўкалася, адно што хуценька заскоквала ў краму, каб купіць запалак ды солі, - і зноў надоўга знікала ў сваёй пушчы-хованцы.

Хутар абступалі непралазныя балоты, і дарогу туды ведалі хіба што вяскоўцы-старажылы. Зрэшты, ніхто асабліва і не імкнуўся трапіць у тую глухмень, хіба што летам, падчас сенакосу, калгас пасылаў нешматлікую брыгаду пенсіянераў, каб яны «пахадзілі косамі» па невялікай дзялянцы, засеянай канюшынай. Дзялянка амаль суседзіла з хутарам, і старыя часам наведвалі Ганьку, праўда, сама яна ўвагай іх не песціла і ў размовы не ўступала.

Гараська, развярэджаны свербам грамадскай работы, дабраўся і да Ганькі. Завітаў на хутар і нейкім чынам здолеў да яе падкаціцца, так-сяк разгаварыць. Яго ўразілі «пячорныя» ўмовы, у якіх жыла Ганька. Хацінка, лічы, на падпорках, у хлеўчуку па калені вады. Гараська кінуўся да старшыні калгаса, каб дабіцца якой дапамогі няшчаснай жанчыне, але атрымаў «поўны адлуп».

- Мы ёй казалі перабірацца ў вёску? Казалі. Не хоча? Не хоча. Ну дык і хай жыве. У мяне няма людзей, каб падпіраць тыя развалюхі, - вынес старшыня вусную рэзалюцыю.

Гараська нешта пярэчыў, але калгасны правадыр, у якога галава была забіта тонамі і працэнтамі, не захацеў больш і слухаць пра нейкую Ганьку-пустэльніцу. Вось тады Гараська і знайшоў мяне, «прадстаўніка рэспубліканскай прэсы», які акурат бавіў адпачынак у бацькоў.

- Мала чаво яна не хоча ў дзярэўню, - пераконваў мяне Гараська. - Можа, прывыкла там адна... А чалавеку помач трэба. Як гаворыцца, гара не ідзёць к Магамету, дык Магамет ідзёць к гары... Давай з табой туды пад'едзем, сам убачыш. Мой «лімузін» у тваём распараджэнні.

Пра Ганьку я што-колечы чуў і раней, але чамусьці прапускаў тыя размовы міма вушэй. А тут з'явілася цікавасць. І не таму, што дужа карцела дапамагчы гэтай адзінокай жанчыне - колькі іх такіх, занядбаных, пакінутых без аніякай увагі, давялося бачыць мне падчас камандзіровак! Але ж хіба выкараніш журналісцкім пяром усю чалавечую чэрствасць?.. Мне проста захацелася даведацца: чаму гэтая жанчына сама асудзіла сябе на вечную адзіноту? Як яна перабіваецца, чым харчуецца? Газеты толькі і трубяць пра нейкіх Лыкавых, якія жылі ў дрымучай тайзе, а тут свая пустэльніца, ды яшчэ пад бокам...

 

З Гараськам мы дамовіліся, што як-небудзь надвячоркам, калі я вярнуся з сенажаці, усё ж пад'едзем на гадзіну-дзве да таго хутара. І вось зараз блытаемся немаведама дзе.

- Ты разумееш, каб пешака, дык я б цябе маментам туды давёў, напрамік, - апраўдваўся Гараська. - А на машыне, зараза, па балоце не праскочыш.

Нарэшце ён радасна выгукнуў:

- От, цяперака саўсім другое дзела! Цяперака прамым ходам - на хутар. Етую дарогу я ўжэ знаю харашо!

Мы выбраліся на парослую густою травою конку, і «масквічок» весела завіхляў між елак-векавух. Настрой у Гараські прыўзняўся, ён без супынку тарабаніў языком:

- Да вайны, я табе скажу, етых хутароў было багата. І жыла на іх шляхта. Гордыя, разумееш, людзі былі, хварсістыя. Мужыку да іх са сваім рылам і носа не сунуць. Етыя шляхціцы толькі між сабою зналіся. А потым была каманда: сцягнуць усе хутары ў дзярэўню. Сілком. Каго сцягнулі, а хто і з'ехаў некуды ў другое месца. Да Бараноўскіх чаму-та не дайшлі рукі. Так яны тут і засталіся. Стары Бараноўскі дзе-та, кажуць, закапаў багата золата. Можа, і праўда, чорт яго знае. І вот яшчэ што. Завялося, разумееш, на хутары прывідзенне. Сам я, праўда, не бачыў, а мужыкі расказвалі. Бывала, як затрымаюцца на дзялянцы дацямна, то яно, етае прывідзенне, ходзіць. Жывы чалавек там і не ступіць. Мужыкі, разумееш, пужа...

Машыну моцна трасянула на калдобіне, Гараська змоўк на паўслове і, як мне падалося, прыкусіў язык.

- А каб цябе!.. - вылаяўся ён нарэшце і з ранейшым імпэтам працягваў свой аповед: - Нашчот прывідзенняў раскажу табе адзін выпадак. Пасля вайны ето было, мужыкі ўжэ з фронту вярнуліся. І от сядзім мы адзін раз на калодах, курым, пра тое-сёе бяседуем. І чаму-та зайшла размова пра прывідзенні. А Ванька Санкевіч, малады хлопец, гарачы, і кажа: «Німашака ніякіх прывідзенняў, калі хочаце, я вам хоць січас з кладоў крыж прынясу». А было ўжэ, разумееш, позна, можа, і поўнач. Мужыкі пайшлі з Ванькам на спрэчку - за пляшку самагонкі: «Нясі!» І што ты думаеш - прынёс. Тут жа распілі тую пляшку, сталі па хатах разыходзіцца, а Ванька за крыж - і на клады. Не кінеш жа яго пасрадзі вуліцы, трэба ж на месца паставіць. А назаўтра знайшлі Ваньку на кладах мёртвым. І от якое дзела палучылася. Прынёс ён на клады крыж і ўторкнуў яго ў тую самую дзірку. Ступіў назад, а што-та яго не пускае. Трымае, разумееш, і ўсё тут. Як бытта хто з магілы рукамі схапіў. Ірваўся Ванька, крычаў, і сэрца не вытрымала... А што палучылася? Ванька ў шынялі быў да самых пят - з фронту ж прыйшоў. І от як засоўваў крыж у дзірку, то шынель еты і прышчаміў. Ад страху не разабраўся... От такое дзела з прывідзеннямі.

 

* * *

 

«Масквічок» борзда выскачыў на шырокую прагаліну, і Гараська заглушыў матор.

- Адсюль пройдзем пешаком, Ганька машын не любіць.

Праз якую сотню крокаў мы выбраліся на яшчэ большую паляну і ўперліся ў пахіленую загарадзь: да рагатак-кійкоў, уторкнутых у зямлю, былі так-сяк падвязаны дротам сырыя асінавыя жэрдкі. У загарадзі ляжала карова. Худая, як шкілет, да самай спіны абсыпаная каравякамі, - такіх кароў я не бачыў нават у калгасным статку. Трава ў загарадзі была спляжана дашчэнту.

Ад нечаканасці я здрыгануўся: перад намі як з-пад зямлі вырасла цёмна-шэрая постаць, апранутая ў немаведама што, і толькі па доўгай зашмальцаванай спадніцы можна было распазнаць, што гэта - жанчына. Яна ўсё адно як чакала гасцей ці проста вартавала свае ўладанні.

- Здрастуй, Ганька! - Гараська падаўся наперад і, як мне здалося, хацеў працягнуць жанчыне руку, але Ганька нават не варухнулася, яна з насцярогай пазірала на мяне.

- Не валнуйся, ета харошы чалавек, - перахапіў яе позірк Гараська. - Можна сказаць, пісацель. Ён табе шкоды не зробіць. А вот помач можа аказаць...

Падобна, што Ганьку гэта не дужа заспакоіла, тым не менш яна моўчкі павярнулася і патупала ўздоўж загарадзі - як бы запрашаючы ісці следам. Перад маімі вачыма замільгалі яе лыткі, аб якія гучна шлёпаліся шырокія халявы гумовікаў.

На подступе да забруснявелай будыніны, прыціснутай да зямлі, Ганька суцішыла крок.

- Далей не пойдзем, - панура мовіла яна і, звяртаючыся да Гараські, кіўнула на мяне: - Чаго ён хоча?

- А вот раскажаш яму пра сваю жызню, пушчай апіша, - паспяшаўся выгаварыцца Гараська. - Пабачыць, што да чаво...

- Нічога мне не трэба, усё ў мяне ёсцека, - абсекла яго Ганька. - Я сюды нікога не клікала.

Навісла няёмкая цішыня. Нават Гараська зніякавеў ад такой «гасціннасці». Пакуль маўчалі, я крадком разглядаў Ганьку.

Ёй было за шэсцьдзесят. Але ў рэзкіх упэўненых рухах адчувалася яшчэ сялянская моц і цягавітасць. Лоб да самых вачэй быў абвязаны паркалёвай хусцінкай, з-пад якой выбіваліся сівыя пасмы. Парэпана-абветраныя шчокі, як і ўва ўсіх вясковых жанчын, гарэлі здаровай чырванню.

Я так і не наважыўся вымавіць хоць слова, затое Гараська зноў акрыяў.

- Ты бы, Ганька, таво... кароўку сваю падкарміла, - скіраваў ён размову ў іншае рэчышча. - Сена падкінула. Вунь жа канюшына калхозная...

- Не трэба мне абчэсцвеннае, - буркнула Ганька. - І на балоце трава ёсцека.

- Што-та я цябе, Ганька, не разумею, - не сунімаўся Гараська. - У хату б запрасіла, пачаставала людзей з дарогі...

- У хату не пушчу! - жанчына раптам уздыбілася. - Німашака ў мяне нічога, каб вас частаваць.

- Го! То ў нас знойдзецца! - Гараська паляпаў па карычневай афіцэрскай сумцы, перакінутай праз плячо, з яе вытыркаўся папяровы корак. - Пайшлі, Ганька, адыдзем убок, пагаворым. Нельга ж так людзей сустракаць.

Гараська ўзяў жанчыну пад руку, і яны адышліся ўбок, сталі пад густой, абцярэбленай знізу елкай, якая расла ля самага ганка. Я застаўся адзін і не ведаў, куды сябе падзець. «Каб ты спрах! - праклінаў я Гараську. - Прывёз у гэтае балота, да гэтай дурніцы, а яна нас і слухаць не хоча!» Каб хоць як забавіць час, я паклыпаў уздоўж загарадзі, разглядаючы паляну. І ўвесь час адчуваў на сабе позірк: гамонячы з Гараськам, Ганька адначасна цікавала за мною.

Хата сапраўды выглядала незайздросна. Гонтавы дах зарос імхом, і месцамі з-пад яго, як рэбры, вытыркаліся кроквы. Зруб пачарнеў ад вільгаці, аканіцы перакасіліся. Да хаты гарнуўся каржакаваты хляўчук, збіты з неабгабляваных дошак. У шчыліны паміж дошкамі, бадай, мог бы пралезці кулак.

Ніякіх пабудоў на паляне больш не было. Я прайшоўся міма хаты і па сцяжынцы, якая слалася ад ганка, спусціўся ў нізіну. Перада мною раскінулася балота. Зялёная твань, нібы жывая істота, моршчылася ад лёгкага ветрыку і злёгку гайдалася. Дрыгва абступала хутар з усіх бакоў, і, мусіць, гэты закінуты востраў звязваў з астатнім светам толькі той сухі перашыек, па якім мы сюды дабраліся.

- Ну вот, дзела рашонае, - за маёй спінай стаяў Гараська. - Хадзяйка заве ў дом.

Хата толькі звонку здавалася такой занядбанай. А ўсярэдзіне было якраз утульна і прыбрана. Нават у сенцах вышараваная падлога зіхацела ад чысціні. Я здзіўляўся: чаго гэта гаспадыня не хацела нас сюды запрашаць?

Справа ад увахода амаль паўпакоя займала белая як снег печ, побач стаяў драўляны ложак. На стале каля акна была заслана пажоўклая газета. Ганька паказала рукой на шырокую лаву ўздоўж сцяны. Я прысеў, а Гараська пачаў выцягваць з сумкі і выкладаць на стол свае прыпасы: паўлітэрку з мутнай вадкасцю, ладны кавалак сала, паўбохана хлеба.

Я пазіраў на дзверы, якія вялі ў другі пакой, карцела даведацца, што там, але Ганька прысланілася да іх спінай, нібы паказваючы, што нам туды ходу няма.

- То давайце к сталу, - па-гаспадарску і неяк узнёсла сказаў Гараська.

Ганька нарэшце адарвалася ад дзвярэй, патупала да прыпечка. Грымнула засланкай, засунула руку ў цёмную пашчу печы і выцягнула адтуль пузаты чыгунок.

- Картоплі есці будзеце? - запытальна зірнула яна на Гараську.

- А чаму б і не? Картошка з салам - ета самая міравая закуска!

Ганька паставіла чыгунок на стол. На падаконніку Гараська прыкмеціў дзве шклянкі, пачаў круціць галавой, каб нагледзець трэцюю, але вымушаны быў узяць карэц, што стаяў каля вядра з вадою.

- Ну, цяперака ўсё гатова, - задаволена сказаў Гараська, залазячы ў кут, пад ікону. - А ты, хадзяйка, чаво стаіш? Грэх не выпіць з намі за кампанію.

Ганька і праўда прысела на краёчак табурэткі. Гараська пачаў разліваць мутную вадкасць: мне з Ганькай - у шклянкі, сабе - у карэц.

- Ну, будзем. За ўсё харошае... - Гараська выпіў, таропка запусціў руку ў чыгунок.

Ганька толькі прыгубіла. Я глынуў вадкасць адным каўтком і адразу ж запырхаўся: самагонка была едкая, моцная - ажно запякло ў горле.

Пасля другога Гараськавага тоста «за ўсё харошае» Ганька выпіла ледзь не палову шклянкі. Падсеўшы бліжэй да стала, яна развязала вузельчык хусцінкі, расшпіліла верхнія гузікі на сваёй світцы. У нашу размову ўсё часцей прарываўся яе нізкі голас, і неўпрыкмет мы з Гараськам ператварыліся ва ўважлівых слухачоў - распавядала толькі Ганька...

 

* * *

 

Колькі сябе памятае, Ганька жыла на гэтым хутары. Некалі яе прадзед перабраўся сюды аж з-пад Гародні. Ганарлівы шляхціц, ён не пажадаў сяліцца ў вёсцы, побач з «мужыкамі», і нагледзеў для свайго жытла бязлюдны астравок. Ні прадзеда, ні дзеда Ганька на гэтым свеце не заспела, але здагадвалася, колькі поту ўлілі яны ў балотную твань, бо на яе вачах бацьку ўвесь час даводзілася адваёўваць гэты астравок ад нашэсця дрыгвы і лесу. І хоць жыццё на балоце было катаргай, бацька ўсё ж нізавошта не хацеў перабірацца бліжэй да люду - гэта ўжо, мусіць, было ў крыві.

Вайна напачатку абыходзіла Бараноўскіх бокам. Можа, з год ніхто не трывожыў гэтую глухмень. А потым зусім нечакана на трох павозках сюды зрабіў наскок тузін паліцаяў. Бацьку доўга білі, патрабавалі аддаць нейкае золата, але стары трымаўся, як сцяна. Раззлаваныя паліцаі выцягнулі з хаты пятнаццацігадовую Ганьку, старэйшага брата Юзіка, прывязалі іх да павозкі і павалаклі ў райцэнтр. Маці, галосячы, доўга бегла за імі, пакуль рыжы паліцай не саўгануў ёй прыкладам у зубы. Маці ўпала на дарогу, і Ганька, азіраючыся, бачыла, як бязгучна калаціліся яе плечы...

З райцэнтра Ганьку адправілі ў Нямеччыну. Там яна парабкавала ў кульгавага старога бюргера, які, папраўдзе, задужа цяжкай працы на яе не навальваў.

Пасля вызвалення Ганька на цягніку, разам з салдатамі, дабралася да Старога Горада, а адтуль безупынку, амаль дваццаць кіламетраў, бегла да свайго хутара...

Бацькі адразу ж аглушылі Ганьку непрыемнай весткай: пасля таго паліцэйскага наскоку Юзік болей на хутар не заходзіў. Казалі, што яго зацуглялі ў нейкую зондэркаманду, і калі падыходзілі нашы, ён уцёк разам з немцамі.

Стары Бараноўскі яшчэ з дзесятак гадоў працягваў няроўную барацьбу з балотам і лесам. А неяк улетку Ганька знайшла бацьку мёртвага. Раскінуўшы рукі, ён ляжаў на пракосе тварам да зямлі. Побач валялася каса з пераламаным касавішчам. Мусіць, лёгкая была ў старога смерць. Ці не кожны вясковец марыць вось так, на хаду, адысці ў іншы свет - абы доўга не мучыцца.

Неўзабаве пад разгалістаю грушынаю вырас яшчэ адзін свежы бугарок з неабгабляваным крыжам - памерла і маці.

Ганька засталася сам-насам з дзікай прыродай...

 

* * *

 

- Цётка Ганна, а чаму б вам не перабрацца да людзей, у вёску? - спачувальна запытаўся я, калі голас жанчыны на хвіліну заціх. - Сышліся б з якім мужчынам пад свой узрост - усё было б лягчэй.

- Шчэ чаго! - чмыхнула Ганька. - Каб я з мужыком пад вянец пайшла? Тато ў магіле перавернецца...

- Ты от, дарагуша, скажы, - уцёрся ў размову асалавелы Гараська. - Праўда, што ў твайго бацькі было многа золата? А то людзі ўсякае гамоняць...

- А скуль я ведаю? - агрызнулася Ганька. - Тато мне не дакладваў. Калі і было што, то ён усё з сабою ў магілу забраў - не паспеў нам з мамаю і слова шапнуць. Праўда, мама перад смерцю казала, што недзе пад хатаю ён нешта закапаў. То не буду ж я масніцы ўзрываць...

Адказ Гараську не дужа задаволіў.

- А скажы ты мне цяпер такое, - нахіліўся ён над сталом. - Ета праўда, што тутака, на балоце, завялося прывідзенне?..

Ганька рэзка адхіснулася і таропка перахрысцілася. Твар яе перакрывіўся ад жаху.

- Яй-бо, праўда! Такое страшэннае прывідзенне! Уночы прыйдзе пад акно і стаіць! І глядзіць на мяне, глядзіць! У мяне душа ў пяткі заходзіць, калачуся як асінавы ліст. Упаду перад іконаю і хрышчуся, пакуль етая нелюдзь не адступіцца...

Гаварыла Ганька так апантана, што яе ўзрушанасць перадалася і нам. І толькі цяпер я звярнуў увагу, як нечакана ў хаце пацямнела. Зірнуў на гадзіннік - яшчэ, здаецца, не вечар.

- Не туды глядзіш, - перахапіў мой позірк Гараська, высоўваючыся з кута. - Пабач, што на небе... От січас улупіць дык улупіць! Пабеглі ў машыну!

Я прыхінуўся да шыбіны і скіраваў позірк уверх. Неба было зацягнута суцэльнаю чорнаю хмараю. Нават не чорнаю, а нейкай злавесна-фіялетаваю.

- Бяжы за мною, а то не даедзем дадому! - крыкнуў Гараська, вывальваючыся за парог.

Я на хаду кінуў Ганьцы «да пабачэння»...

Да машыны мы ўсё ж не паспелі. Заставалася, можа, з паўсотні крокаў, як хлынуў лівень. Навокал грымела і трашчала, павуціны-маланкі паласавалі неба.

Калі плюхнуліся на сядзенне, на нас ужо не было сухой ніткі.

- Сколька жыву, такога не бачыў, - заўважыў Гараська, хукаючы на рукі. - Ета ж такая навальніца!

«Масквічок» крануўся з месца. Але толькі крануўся, бо ў наступнае імгненне фыркнуў і заглух, ускочыўшы ў глыбокую лужыну.

- Прыехалі, каб на цябе немач! - скрыгатнуў зубамі Гараська.

Выбірацца з машыны і пры такім ліўні таўхаць яе з лужыны не выпадала ніяк. Але ж і сядзець склаўшы рукі было нельга: з усіх дзірак старэнькага Гараськавага «лімузіна» на нас свістала вада.

- Дзела дрэнь, - зрабіў выснову Гараська. Затым аднекуль з-пад ног выцягнуў складзеную цырату і кінуў мне на калені.

- Мусіць, будзе хлястаць усю ноч. Нічаво мы тутака не выседзім. Трэба бегчы назад, да Ганькі.

Мне ўжо было ўсё адно.

Расхінуўшы цырату і трымаючы яе над галовамі, мы зрабілі адчайную перабежку да хаты.

- Ганно, адчыні, ето мы! - забарабаніў Гараська ў шыбіну.

У хаце, здавалася, ніхто не варухнуўся, але зусім нечакана бразнула клямка - нібы ўвесь час Ганька цікавала ля дзвярэй.

- Чаго вам? - з насцярогай запыталася яна.

- А хіба ты не бачыш, што на дварэ! Пераначаваць трэба!

Жанчына некалькі хвілін пастаяла ў развазе і нарэшце адступіла ўбок, прапускаючы нас.

Ганька раскінула на падлозе саматканую пасціланку, залезла на печ, выцягнула аблезлы кажух.

- Вот вам і ўся караваць, лепшага ў мяне няма, - з нейкай непрыязнай абыякавасцю сказала яна і пайшла ў другі пакой. Бразнула зашчапка.

Мы з Гараськам распрануліся, развесілі адзенне перад печчу - да раніцы, можа, хоць трохі прасохне.

Пад казытліваю аўчынаю я неўзабаве сагрэўся. Гараська павярнуўся на бок і амаль адразу захроп. Мне не спалася. У галаву лезлі думкі пра пустэльніцу Ганьку, пра яе незайздросны лёс.

Лівень бушаваў яшчэ некалькі гадзін і суцішыўся гэтак жа раптоўна, як і хлынуў. Праз акно я бачыў, як на небе пачалі з'яўляцца нясмелыя зоркі. Я ўсё ніяк не мог заплюшчыць павекі, хоць, мусіць, ужо акурат наступіла поўнач.

І раптам... Зрэшты, чаму раптам? Я проста ўбачыў, як з-за хлеўчука выплыла белая неакрэсленая постаць і пачала павольна набліжацца да хаты. Я здранцвеў. Абрысы гэтай постаці былі зусім непадобныя на чалавечыя. Здань выглядала як суцэльная прадаўгаватая пляма. Здавалася, яна нават прасвечваецца.

Постаць падплывала ўсё бліжэй і бліжэй да хаты, і я з жахам заўважыў, што яна кіруецца акурат да «майго» акна. Я ўпершыню зразумеў, што гэта такое - «валасы становяцца дыбам». Хацелася крыкнуць, таўхануць пад бок Гараську, але ад страху я не змог варухнуць і пальцам.

Аднак самае страшнае было наперадзе. Здань падплыла ўшчыльную да акна і застыла ў нерухомасці. Яна глядзела на мяне! Менавіта глядзела, бо я нарэшце заўважыў, што ў яе ёсць і твар, і вочы! Твар быў злавесна-чырвоны, а вочы гарэлі шалёным бляскам.

Я ўсім целам прыціснуўся да падлогі і са страхам пазіраў у гэтыя шалёныя вочы. Колькі часу працягвалася наша маўклівае процістаянне, я не магу і прыгадаць. Можа, не болей як хвіліну, а магчыма, і цэлую вечнасць. Памятаю толькі, першы не вытрымаў я. Мусіць, ад страху, што магу звар'яцець, я адхінуў крысо кажуха і кінуўся да дзвярэй.

Падсвядома я разумеў, што гэта, напэўна, нейкі міраж альбо праява маёй хваравітай фантазіі. У здані я не верыў і быў упэўнены, што як толькі выскачу на двор, дык нікога і нічога там не заспею.

У цёмных сенцах я нагою зачапіўся за нейкае вядро, спатыкнуўся, нарабіў грукату. Пацёр рукою збітае калена, накульгваючы, дабраўся да дзвярэй і выйшаў на ганак.

Каля акна нікога не было.

«Дурань! - плюнуў я са злосцю. - Наслухаўся ад Гараські рознай лухты пра здані, вось і памуцілася ў вачах».

Пайшоў у хату, з галавой залез пад кажух і імгненна заснуў.

Разбудзіў мяне Гараська. Ён ужо быў апрануты і нецярпліва тузаў мяне за плячо.

- Падымайся, таварышок. Нам шчэ нада думаць, як атсюдава дадому дабрацца.

Я падхапіўся, хуценька нацягнуў штаны, накінуў сарочку, і мы падаліся з хаты. Ганька, мусіць, некуды сышла, і мы не маглі падзякаваць ёй за прытулак.

На дзікай яблыні, акурат супроць акна, матляўся на галіне мокры палатняны ручнік - Ганька, мусіць, забылася зняць яго перад дажджом. Мне адразу прыгадалася начная «здань». Вось яна, разгадка! Гэты ручнік, вядома ж, і нагнаў на мяне страху. Нездарма кажуць, што ў яго вочы вялікія. Каму расказаць, дык не паверыць...

Я падышоў бліжэй. Мой позірк мімаходзь слізгануў па прызбе пад акном, і... я аслупянеў. На жоўтым, спляжаным ад дажджу пяску былі відаць выразныя адбіткі босых ног...

 

* * *

 

Цэлы тыдзень мы з бацькам круціліся на сенажаці, у лесе - у мяне, лічы, не было ніводнай вольнай хвіліны. І ўсё ж думкі пра загадкавыя адбіткі на прызбе не давалі спакою. Калі белая здань сапраўды была міражом, дык як тады растлумачыць гэтыя сляды? Яны, безумоўна, з'явіліся пасля дажджу. А гэта значыць, нехта ўсё ж стаяў пад акном у тую ноч, нехта пазіраў на мяне сваімі шалёнымі вачыма. Здань, вядома, наслядзіць не можа. Гэта, без сумнення, быў жывы чалавек. Але хто ён? Навошта яму спатрэбілася ацірацца ў той глухмені? Дый не адзін раз ён наводзіў жах на касцоў, на тую ж Ганьку. Нечага ж ён дамагаецца.

Я разумеў, што не змагу ехаць у горад, пакуль не разгадаю гэтую загадку.

Паступова ў маёй галаве выспела версія, якая хоць і здавалася кніжна-фантастычнай, але давала нейкае тлумачэнне таямніцы. Нехта хоча выжыць Ганьку з гэтага хутара. І, можа, нават не з хутара, а менавіта з хаты. Для чаго? Пагалоскі пра тое, што стары Бараноўскі недзе схаваў золата, хадзілі па вёсцы здавён. Хтосьці, пэўна, вырашыў паквапіцца на гэтае дабро. Калі шукаць, дык Ганька, канечне ж, будзе замінаць.

Я ўявіў нават зусім неверагодны сюжэт. А што, калі гэта аб'явіўся Юзік? Магчыма, ён і не ўцякаў з немцамі, замаскіраваўся дзе-небудзь пад іншым прозвішчам, а цяпер успомніў пра бацькава золата. Зрэшты, толькі адзін ён мог ведаць, што золата схавана ў хаце, як сказала Ганька, пад масніцаю.

Ганька звычайна клалася спаць у першым пакоі (я прыгадаў драўляны ложак, засланы спехам, не зусім ахайна). А ў тую ноч мы, нечаканыя госці, выселілі яе ў другі пакой. «Здань», вядома ж, пра ўсё гэта не ведала і па звычцы падышла да знаёмага акна. Пакуль я выскачыў на двор (а яшчэ ж загрымеў у сенцах), «здань» паспела знікнуць...

Мая версія выглядала лагічнай, але яе трэба было праверыць. Шлях бачыўся адзін: трэба зноў завітаць на хутар, нейкім чынам трапіць у хату і падцікаваць гэтую «здань».

Але як дамагчыся, каб Ганька пусціла мяне пераначаваць? Яна і тады ледзьве пагадзілася, бо не было куды дзецца: лівень, грымоты-маланкі.. А чым мне цяпер усё растлумачыць?

Зрэшты, я, здаецца, што-колечы прыдумаў...

 

* * *

 

З дому я выйшаў апоўдні, папярэдзіўшы маці, каб не дужа хвалявалася, калі заначую ў сябра, у суседняй вёсцы. Прыхапіў з сабою кошык.

Шлях да хутара быў ужо мне знаёмы: калі мы з Гараськам па лужынах-калдобінах дабіраліся да вёскі, я ўчэпіста зыркаў па баках. Па гэтай дарозе мне належала зрабіць добры крук. Але я не адважыўся кіравацца нацянькі: чаго добрага, заблуджуся і згнію ў непралазным балоце.

Крочыў я няспешна, бо па задуме мне трэба было трапіць на хутар не раней чым у прыцемках. Раз-пораз збочваў у лес, каб зрэзаць у замшэлым ельніку баравічок ці асовік: гэта таксама ўваходзіла ў мае планы. Пакуль дабраўся да хутара, кошык быў поўны па самую дужку.

На ўскрайку лесу я прылёг у густую траву і пачаў цікаваць за хутарам. Ляжаць давялося доўга. Ганька выйшла аднекуль з балота - я заўважыў яе ўжо каля дзвярэй хаты. Яна адразу падалася ў загарадзь, лёгка сцебанула тонкім дубчыкам перахлябістую карову, якая нібы прыліпла да зямлі. Карове, мусіць, не дужа хацелася ісці ў хляўчук, дзе плёхалася калатуша з вады і гною.

Наплывала цемра. Я прыкінуў, што самы час дзейнічаць. Закасаўшы калашыну, аберуч пачаў шараваць левую нагу ніжэй калена. Нага налівалася чырванню. І ўсё ж гэта не надта мяне задаволіла: пакуль дабяруся да хаты, на назе не застанецца і следу. Трэба было прыдумаць нешта іншае.

Я дацягнуўся да сукаватай ламачыны, разламаў напалам - каб канец быў трохі вастрэйшы. Доўга не адважваўся ажыццявіць задуму, нарэшце заплюшчыў вочы і... штосілы паласнуў па назе. Ад рэзкага болю ажно ўскрыкнуў.

Мусіць, я перастараўся. Разлічваў толькі садраць скуру, а на траву пырснула кроў. «Навучы дурня маліцца», - вылаяўся я на самога сябе.

Але ж няма калі разлежвацца, яшчэ і праўда сыду крывёю. Я падхапіўся і патупаў да хаты. Мне ўжо не трэба было імітаваць кульганне, нага і так падкошвалася ад болю.

Ганька акурат брала на клямку хляўчук, стаяла да мяне спінай і, пачуўшы ззаду крокі, уздрыгнула, рэзка крутанулася, засланіла твар вядром, якое трымала ў руцэ.

- Цётко Ганно, не пужайцеся, ето я, каторы з Гараськам да вас прыязджаў.

Я наўмысна загаманіў па-вясковаму, бо даўно заўважыў: нішто так не збліжае людзей, як аднолькавая мова.

Праўда, мае словы Ганьку не надта супакоілі, яна ўсё яшчэ прыкрывалася вядром і адрывіста выгуквала:

- Чаго?.. Чаго?.. Што табе трэба?

- Цётко, вы мяне выслухайце, я нічога благога вам не зраблю. Я тут выпадкам, па няшчасці. Пайшоў у грыбы і заблудзіўся. Цягаўся-цягаўся і во куды выперся. Бачу, мясціна знаёмая... Мо вы мне хоць дарогу падкажаце? А тут яшчэ нага... Зваліўся ў нейкую яміну, дык ці не зламаў... Во, зірніце...

Я задраў калашыну і сам жахнуўся: уся нага была ў крыві.

- А божухна-бацюхна! - Ганька выпусціла з рукі вядро і пляснула ў ладкі. Жаночая спагада адразу выцесніла страх і разгубленасць. - Як жа ето ты так улез? Пабудзь трошкі тут, я зараз.

Яна подбежкам падалася ў хату, праз хвіліну вярнулася, трымаючы ў руках кавалак белага палатна і слоік з вадою.

- На во, абмый, дый я перавяжу.

Ганька спрытна абматала маю нагу палатном, завязала канцы на вузел і асцярожна націснула пальцам ніжэй калена.

- Тутака баліць? Не? А тутака? Ну, дзякуй Богу, пералому, здэцца, німашака. - Яна з палёгкай уздыхнула.

- Вы, цётко, як доктар...

- Які тамака дохтар! Жызня ўсяму навучыць...

Я падняўся.

- Ну, то я пайду. Вы, цётко, дарогу мне толькі пакажыце...

Ганька завагалася. Ёй, было відаць, не хацелася пакідаць у сваёй хаце на ноч чужога чалавека, але ж і спагада, мусіць, брала сваё. На гэта я і разлічваў.

- Ды куды ты ў такую цемень? - спагада нарэшце перамагла. - З тваёю нагой... Не дапаўзеш і да ранку. А то шчэ і зноў заблудзіш. Ладна, пераначуеш у мяне, а тамака як Бог дасць...

Я яшчэ пасядзеў на прызбе, паслухаў, як на балоце скрыпуча пераклікаюцца жабы. Ганька таропка «ўправілася па хадзяйству», затым паклікала, стоячы на парозе:

- Ідзі перакусі ды кладзіся. Заўтра ўставаць рано.

Яна разаслала на падлозе тую ж пасціланку, падала той жа кажух...

 

* * *

 

Я амаль дакладна ведаў, калі з'явіцца «здань». Той чалавек, які ўзяў на сябе гэтую роль, дзейнічае па класічных канонах: здані выплываюць апоўначы.

Мой камандзірскі гадзіннік паказваў палову дванаццатай. Я ціхенька апрануўся, асцярожна, каб не ляснуць клямкай, выбраўся ў сенцы, а затым і на двор. Гэты манеўр я зрабіў невыпадкова. У мінулы раз «здань» заспела мяне знянацку. Пакуль я выйшаў у сенцы, яна паспела знікнуць. Цяпер я вырашыў быць напагатове.

Паводле маіх разлікаў, «здань» павінна з'явіцца з-за хлеўчука - як і ў навальнічную ноч. Зыходзячы з гэтага, я выбраў месца для засады. Акурат насупраць хлеўчука, нібы зенітная гармата, цэліўся ў неба калодзеж-журавель. За ягоным паўразваленым зрубам я і знайшоў сабе хованку.

Ноч была цёмная - хоць вока выкалі. Мяне гэта крыху бянтэжыла: не празяваць бы. Урэшце я прыкінуў, што белы колер будзе добра відаць у такую цемень.

Поўнач мінула, а «здані» ўсё не было. Пачалі выспяваць сумненні: што, калі сёння яна не з'явіцца? Магчыма, чалавек-прывід гойсае пад вокнамі не кожную ноч? Самлелі ногі - я сядзеў на кукішках, пільна ўзіраючыся ў абрысы хлеўчука.

Лёгкі шоргат за спінай прымусіў мяне здрыгануцца. Я павярнуў галаву і... ледзь не ўскочыў з месца. Гэта была «здань»! Яна выплыла з-за вугла хаты і кіравалася, як падалося, проста на мяне!

Нахлынула знаёмае пачуццё жаху... Здаецца ж, і ведаў, і пераконваў сябе колькі разоў: не бывае на свеце зданяў, не бы-ва-е! І на табе: як дайшло да справы - душа ў пяткі. Я ўсім целам прыціснуўся да зруба...

А «здань» сапраўды плыла на мяне. Пад лёгкім ветрыкам яе абрысы ледзь прыкметна гайдаліся, і было ўражанне, што гэта на самай справе нешта нежывое, аморфнае. І твар! Той самы чырвоны твар, а з рота шугае полымя!

Дзіўна, але менавіта выгляд твару мяне супакоіў і ўраўнаважыў. Я яшчэ ў вёсцы здагадаўся, у чым справа. Зрэшты, тут і здагадвацца не было чаго. Я проста ўспомніў нашы дзіцячыя забавы. Каб напалохаць дзяўчат, якія вярталіся з танцаў, мы, блазнюкі, распальвалі да чырвані арэхавае шкарлупінне, засоўвалі яго ў рот, між зубоў, і шыкалі на ўсе грудзі. Відовішча, ды яшчэ ў цемры, фантастычнае! У роце, здаецца, усё гарыць, водбліскі бегаюць па твары. Дзявочага піску было на ўсю вуліцу.

І ўсё ж трывога не спадала. Праўда, па іншай прычыне: ці не заўважыла «здань» мяне, калі шыбуе сюды? Я ўжо быў гатовы кінуцца насустрач, каб атрымаць права на першы ўдар...

Але ў апошняе імгненне «здань» крыху збочыла і наўскос паплыла да акна. Яна прашамацела ў двух кроках ад мяне, каб хацеў, я мог працягнуць руку і схапіць яе за крысо.

«Здань» паднялася на прызбу, ушчыльную да акна, і я пачуў: «Ш-ш-шы! Ш-ш-шы!» Я нават усміхнуўся - настолькі ўсё гэта было знаёма.

Адарваўшыся ад зруба, я на паўсагнутых нагах, крадком пачаў прабірацца бліжэй да прызбы. У каленях бегалі дрыжыкі. Перад бойкай у мяне заўсёды такі стан - ён праходзіць адразу ж пасля таго, як усчыналася сутычка.

Калі да «здані» заставалася метры два, я рэзка адштурхнуўся ад зямлі і адным скачком апынуўся на прызбе і праваю рукою шчыльна абхапіў тое месца, дзе павінна быць шыя. «Здань» здушана хлюпнула, з рота вываліўся чырвоны вугельчык. Мы не ўтрымаліся на прызбе і зваліліся на зямлю. Падаючы, я ўсё ж не расшчапіў рук на шыі праціўніка, і мне было зручней.

Мы абое ляжалі на баку, толькі я знаходзіўся ззаду сваёй ахвяры і, каб збіць ёй дыханне, з большай сілай сціснуў рукою шыю. «Здань» перастала быць зданню: белая прасціна з'ехала з галавы, але твару я яшчэ не бачыў. Праціўнік праяўляў зайздросны спрыт. Ён адчайна спрабаваў перавярнуцца на жывот і скінуць мяне. Я адчуў, што гэта яму ўдаецца. Трэба было тэрмінова нешта рабіць. Леваю рукою я каля локця зачапіў руку праціўніка і пачаў выкручваць яе за спіну. Гэта было не так проста, праціўнік зразумеў мой намер і штосілы супраціўляўся. Падчас маўклівай валтузні мая далонь міжволі слізганула па ягоных грудзях і натыкнулася на нешта мяккае. Гэта была жанчына! Я зрабіў рэзкі рывок, ахвяра не ўтрымалася, перавярнулася на спіну. І я не ўбачыў, а хутчэй адчуў: я трымаў за шыю Ганьку.

 

* * *

 

Рука мая міжволі разагнулася, я стаў на калені і ачмурэла пазіраў на выкрытую «здань». Ганька павольна паднялася з зямлі. Яна паспрабавала нешта сказаць, але з яе грудзей вырваўся толькі гучны ўсхліп, а затым і звярыны рык. Ганька, хістаючыся, паклыпала да дзвярэй хаты. Следам за ёю па траве цягнуўся белы шлейф прасціны.

Я ўсё яшчэ ніяк не мог усвядоміць таго, што здарылася, і па-ранейшаму стаяў на каленях, праводзячы Ганьку бяздумным позіркам. За жанчынай гулка грукнулі дзверы, я нарэшце ўстаў і павалокся немаведама куды. Зрэшты, адно мне было зразумела канчаткова: у гэтую хату мне болей ходу няма. Я не ўяўляў, як змагу пасля ўсяго перажытага правесці рэштку ночы пад адным дахам з тым чалавекам, якога толькі што ледзьве не задушыў. Дый Ганька, мусіць, думала пра тое самае і для засцярогі зашчапілася.

Ногі самі неслі мяне далей ад хаты, я не разбіраў ні сцежкі, ні лесу. Думкі мае віравалі вакол нядаўняй сутычкі, я спрабаваў разабрацца ў дзіўных паводзінах Ганькі.

Мне было няцяжка здагадацца, якім чынам яна, зачыніўшыся ў другім пакоі на маіх вачах, раптам апынулася на двары: мусіць, ціхенька выбралася праз акно. Але я ніяк не мог даўмецца, навошта ёй спатрэбіўся гэты маскарад. Для чаго яна ўжо каторы год наводзіць жах на выпадковых падарожнікаў і састарэлых касцоў? Урэшце, нашто было палохаць мяне з Гараськам - мы ж нічога благога ёй не зычылі, наадварот, прыехалі з самымі добрымі намерамі.

Схамянуўся ад таго, што пад нагамі пачала хлюпаць вада. Божа, куды я зацёгся?! Лес ужо даўно скончыўся, навокал цямнелі рэдкія кусты алешніку. Я разлічыў, што найлепш было б вярнуцца назад, да хутара, і ўжо адтуль шукаць перашыек, па якім можна выбрацца з балота. Але я не ведаў, з якога боку прыйшоў, магчыма, нават блукаў кругамі. Злева ад мяне далягляд быў трохі цямнейшы, і я ўсцешыў сябе надзеяй, што гэта лес.

Хуткаю хадою я адмахаў сотню крокаў і зразумеў, што шлях абраў памылковы: усё цяжэй удавалася перастаўляць ногі - вада даходзіла амаль да каленяў. Я кінуўся ў другі бок...

Неўзабаве астраўкамі пачалі трапляцца больш сухія мясціны. Не паспеў і ўзрадавацца, як праваліўся ў вязкую твань. На карачках папоўз далей, але праз хвіліну ўцяміў, што наперадзе самая сапраўдная багна.

Я зноў выбраў іншы кірунак...

Мокры ад вады і поту, я спыніўся, каб перавесці дых. Навокал ужо не было нават алешніку - толькі суцэльная роўнядзь чорнай вады, з-пад якой выбіваліся густыя чубы чароту. Мне ўжо не хацелася нікуды ісці, я гатовы быў да раніцы прастаяць па калені ў вадзе, але разумеў, што і раніцай цяжка будзе разлічваць на збавенне, бо ў гэтых мясцінах наўрад ці ступала нага чалавека...

Мусіць, я з самага пачатку абраў няправільную тактыку: не варта было кідацца ў розныя бакі, як заяц, віхляць між кустоў. Прыгнечаны адчаем, вырашыў зрабіць апошнюю, самую рашучую спробу: трэба намеціць нейкі пэўны шлях і ісці па ім да знямогі. Хай нават па шыю ў вадзе, хай да пагібелі, але ісці толькі ў адным кірунку. Павінна ж гэтае балота недзе скончыцца.

Другую гадзіну я гупаў па вязкай калатушы. Часам мне ўдавалася ўзбрысці на сухую плешынку, я спыняўся, аддыхваўся і доўга не адважваўся крочыць далей, каб у чарговы раз не развеялася кволая надзея. А яна развейвалася. Плешынкі межаваліся з дрыгвою, якая хадзіла пада мною хадуном. Ногі правальваліся ў яе і вырываліся з густым чвяканнем. Мне ўдалося прайсці, можа, з паўкіламетра.

Дрыгва станавілася ўсё больш жудасная і непралазная. Але я не збочваў, лез у самае пекла... Нечакана левая нага не адчула апоры і пасунулася некуды ўніз. Я паспрабаваў абаперціся на правую, але і яна правалілася ў пустэчу. Кроў хлынула ў твар. Я адчуў, што павольна ўсё цела спаўзае ў вязкі глей. Дрыгва, нібы жывая істота, бязлітасна засмоктвала мяне ў сваё чэрава...

Клікаць на дапамогу? Каго? Хто пачуе ў гэтым балоце? Ганька? Наўрад. А калі і пачуе, дык толькі ўзрадуецца і падштурхне яшчэ глыбей.

І ўсё ж я крыкнуў дзіка, з адчаем. І гэтак жа адчайна забарабаніў рукамі па слізкай твані. І - о дзіва! - пальцы слізганулі па нечым цвёрдым і зачапіліся за густую пасму вострай дзікай травы. Гэта была купіна. Мусіць, далей пачыналася яшчэ адна сухая плешына. Я ўчапіўся ў купіну абедзвюма рукамі, паспрабаваў падцягнуцца, але купіна загайдалася, нахілілася ў мой бок. Я зразумеў, што магу страціць апошнюю «саломінку». Трэба быць больш абачлівым. Дрыгва ўсё яшчэ імкнулася пахаваць мяне ў сваёй прорве, але я ўжо мог супраціўляцца. Асцярожна падаўся наперад і закінуў руку далей. Пашанцавала! Рука дацягнулася яшчэ да адной купіны...

Калі маё цела апынулася на паверхні, у мяне ўжо не ставала ні сіл, ні адвагі, каб падняцца ў поўны рост. Я папоўз. Твар плюхаўся ў мутную жыжку, калені нылі ад болю, але я зацята поўз. Глеба пада мною станавілася ўсё цвярдзейшая, і нарэшце жывот слізгануў па траве. Спустошаны і знясілены, я знерухомеў. Усё, болей мне нічога не трэба. Я праляжу тут да раніцы, хай сабе адубею ад холаду, але нізавошта не палезу ў пачвару-дрыгву.

Мусіць, я ляжаў досыць доўга, ад стомы, пэўна, і задрамаў, бо, калі ўзняў галаву, убачыў, што неба трохі пасвятлела. Аднак не гэта ўзрадавала мяне найбольш. Перад вачыма раскінуўся рэдкі хмызняк, а ў глыбіні яго праглядваліся абрысы нейкай пабудовы.

Адкуль толькі ўзяліся сілы - я адштурхнуўся ад зямлі і, спатыкаючыся, пашыбаваў скрозь хмызняк. Ёсць пабудова - значыць, павінны быць і людзі! Хай не цяпер, хай яны прыйдуць потым, але ўсё адно збавяць мяне ад пакут. Толькі б не прымроілася, толькі б не міраж!

Гэта сапраўды была пабудова, збітая з дошак. Пэўна, леснічоўка. Не верачы сваім вачам, я два разы абышоў вакол яе і спыніўся каля перакошаных дзвярэй, падпёртых калом-рагулькай. Выходзіць, у леснічоўцы нікога няма. Я збіў нагою кол, дзверы скрыпнулі і злёгку адчыніліся.

У леснічоўцы было зусім цёмна - я не мог разгледзець і сваёй рукі. Адразу каля ўвахода ледзь не спатыкнуўся аб драўляны насціл, ад якога зыходзіў казытлівы пах свежага сена. На ўсялякі выпадак я ўзяў дзверы на клямку, што матлялася на вушаку, і ўпаў на мяккі духмяны насціл. Праз імгненне праваліўся ў сон...

 

* * *

 

Туп-туп, туп-туп...

Што гэта? Стукае ў маіх вушах ці побач нехта бегае? Я перавярнуўся на спіну, расплюшчыў вочы. Пырснулі палоскі святла, што прабіваліся з шырокіх дзірак у сцяне. Значыць, ужо раніца, а можа, нават і дзень. Я слізгануў позіркам вакол сябе і нікога не заўважыў. То была не леснічоўка, а нейкая пунька: на ўтрамбаванай зямлі шматкамі валялася сена, з-пад жэрдкі тырчалі граблі.

Раптам з цёмнага кута, дзе ляжалі нейкія анучы, нібы калабок, выкаціўся белагаловы хлопчык гадоў пяці ў зрэбнай, па самыя пяты світцы. Ён прабег да дзвярэй, спыніўся і сваімі блакітнымі вачанятамі ўставіўся на мяне.

- Ты... ты хто? - здзіўлена запытаўся я.

Хлопчык, відаць, спалохаўся майго голасу і кулём пакаціўся назад у кут, у сваю хованку.

- Дурненькі, чаго ты мяне баішся? - запытаў я і саскочыў з насцілу.

Хлопчык зашыўся пад коўдру-пасціланку (толькі цяпер я разгледзеў, што гэта былі не анучы, а якраз коўдра, разасланая на сене) і калюча, нібы перапалоханае ваўчаня, сачыў за маімі рухамі. Калі я наблізіўся, ён сіпла закрычаў:

- Ма-ма-а!

- Супакойся, дзіцятка, я нічога дрэннага табе не зраблю. Як цябе завуць?

Я паспрабаваў пагладзіць хлопчыка па галоўцы, але ён адхіліўся, сціснуўся ў камячок і закрычаў яшчэ мацней.

У гэты час нехта тузануў дзверы - спрабаваў адчыніць іх звонку. Але дзверы былі на зашчэпцы. Я насцярожыўся.

- Ма-ма-а! - загаласіў хлопчык.

За сцяною пачуўся пакутлівы стогн. Адначасна дзверы рвануліся з такою сілай, што зашчэпка вылецела з вушака.

У пуньку ўварвалася Ганька. Над галавою абедзвюма рукамі яна трымала сякеру.

Ганька нетаропка набліжалася да кута, ні на хвіліну не зводзячы вачэй з мяне. У яе поглядзе было столькі рашучасці і лютай нянавісці, што я зразумеў: яна мяне не пашкадуе. Прыціх і хлопчык.

Ганька ўжо стаяла нада мною. Вось-вось яе сякера абрушыцца на маю галаву. Было ясна: я ўжо не паспею кінуцца ўбок ці як-небудзь крутануцца, каб пазбегнуць удару. Сякера мяне дагоніць. І тады я зрабіў тое, што, напэўна, давала мне адзіны шанц выратаваць сваё жыццё.

Я схапіў хлопчыка і ім засланіўся.

Пазней, прыгадваючы гэты момант, я дакараў, я ненавідзеў сябе за такі ўчынак і спрабаваў знайсці кволае апраўданне толькі ў тым, што, засланяючыся, я падсвядома здагадваўся: па хлопчыку Ганька не ўдарыць.

Так яно і адбылося.

Ганька абмякла, прыгорбілася, рукі, якія трымалі сякеру, апусціліся ўніз. А з раз'юшаных вачэй шугала яшчэ большая нянавісць.

Я адкінуў хлопчыка ўбок, седзячы, адштурхнуўся рукамі ад сцяны і галавою ўрэзаўся Ганьцы ў жывот. Жанчына нязграбна падалася назад і спінай грымнулася вобзем.

У мяне не было часу на шкадаванне ці роздум - я ўжо ведаў сілу і спрыт гэтай жанчыны. Не марудзячы, я наваліўся на яе і паспрабаваў вырваць з рук сякеру. Ганька скрыгатала зубамі, моршчылася ад болю і, нібы абцугамі, абхапіла тапарышча. Я нахіліўся, каб расчапіць яе пальцы, і тут Ганька кіпцюрамі ўпілася ў мой твар. Я завыў. Лютая злосць на гэтую жанчыну затуманіла галаву. Па твары - я адчуваў - сцякае кроў.

- У-у-у, гадаўка! - вырваўся з маіх грудзей шалёны крык. - На табе, на!

Рабром далоні я паласнуў ёй па баках. І тут за спінаю пачуў дзіцячы плач. Хлопчык схапіў мяне за штаны і, як мог, спрабаваў адцягнуць убок.

- Мама! Мамачка! Не чапай мамачку!

Маю злосць зняло як рукою. Я моўчкі нахіліўся, падняў сякеру, якая ўжо валялася воддаль, падышоў да сцяны і знясілена гупнуў на кучку сена. Хлопчык кінуўся да Ганькі, абхапіў яе за шыю і, усхліпваючы, ціха скуголіў.

Ганька колькі хвілін ляжала нерухома. Яе сівыя раскудлачаныя валасы пасмамі слаліся па зямлі. Зараз яна сапраўды нагадвала здань ці вядзьмарку.

Нарэшце Ганька цяжка прыўзнялася, абапіраючыся на локці, і скіравала позірк на мяне. У яе вачах ужо не было ні шаленства, ні нянавісці - толькі пакута.

- Родненькі, пашкадуй! - ціха выдыхнула яна. - Пашкадуй, прашу цябе, злітуйся!

Ганька стала на калені і папаўзла да мяне. Па барознах-маршчынах яе шчок каціліся буйныя, як град, слёзы.

- Малю цябе, пашкадуй!

Раптам Ганька абхапіла мае ногі і пачала апантана іх цалаваць.

- Я накладу на сябе рукі! Злітуйся! - галасіла яна.

- Ты што?.. Ты чаго?.. - пасунуўся я назад і ўскочыў з месца. - Што табе трэба?

- Сыночак... Юзічак... Не выдавай яго... не кажы... не забірай... Родненькі, усё табе аддам... усё... толькі не забірай...

- Гэта твой сын? - я аслупянеў.

- Мой, мой... цяперака мой...

- Чаму цяперака? Ты што, дзе-небудзь яго... украла?

- Не крала, яй-бо, не крала. Мой ён, мой...

Я нічога не разумеў. Зрабілася душна. Падышоў да дзвярэй, глынуў свежага паветра і прысеў на калоду, якая служыла парогам. Ганька пакорліва і бязгучна - яна ўжо не плакала - прымасцілася побач. Мы моўчкі сядзелі плячо ў плячо, пазіраючы ўдалячынь, і цяжка было паверыць, што хвіліну назад мы гатовы былі перагрызці адно аднаму горла.

 

* * *

 

- Расказвай, - хрыпла вымавіў я нарэшце.

Пасля смерці маці жыццё для Ганькі страціла ўсялякі сэнс. Для чаго гараваць-мучыцца, калі ведаеш, што не сёння-заўтра цябе зваліць хвароба ці старасць, ты будзеш канаць і ніхто не падасць нават вады? Ганька падумвала пра тое, каб адразу накласці на сябе рукі.

Але з часам у душы перакіпела, вечныя клопаты па гаспадарцы адбіралі ўсе сілы, і менавіта ў працы Ганька забывалася на сваю адзіноту. А працы было шмат. Ганька нават не паспявала ўскапаць усе соткі ці выкарчаваць парасткі хмызняку, які нахабна імкнуўся перакінуцца ў агарод, падбіраўся да самай хаты. Як ні старалася, а сядзіба ўсё роўна выглядала занядбана.

Часамі жанчыне даводзілася адмерваць няблізкі шлях да вёскі, каб купіць у краме сёе-тое. Зрэшты, у вёску яна наведвацца не любіла. Там яе добра ведалі, пазіралі як на дзівачку ці трохі прыдуркаватую, а Ганька мела свой гонар. І паступова яна прызвычаілася наведвацца не ў вёску, а ў Стары Горад.

Да горада было далей, але затое ладны кавалак шляху Ганька магла праехаць па чыгунцы. Праўда, найперш трэба было з дзесятак вёрст адмахаць па балоце і лесе, каб трапіць на паўстанак. Акрамя будкі-альтанкі, ніякіх пабудоў на паўстанку не было. Цягнік спыняўся тут толькі летам ды восенню, калі з брудных вагонаў высыпаліся на адхон шумныя гараджане з кошыкамі і вёдрамі.

Аднойчы Ганька акурат сышла з цягніка і ўжо кіравалася на знаёмую сцежку, як пачула нечае скавытанне. Пастаяла, прыслухалася: ціха. Хацела ісці далей - і зноў тыя ж гукі. Ганьцы ўжо здалося, што яны падобныя на дзіцячы плач. Гукі несліся з боку альтанкі.

Ганька з асцярогай наблізілася, зазірнула ў альтанку: пад лаўкай валяўся белы скрутачак, які заходзіўся ад крыку. Немаўлятка! Адно! І ўжо сышоў апошні цягнік!

Першае, што ўзбрыло ў галаву, - нехта забыўся. Але ж хіба можна забыць дзіцятка? Ганька з надзеяй пачала азірацца: магчыма, бацькі проста адышліся, недзе побач. Не, навокал не было ніводнай жывой душы.

«Кінулі! Такое немаўлятка - і на згубу!»

- Што ж мне з табою рабіць, бедненькае? - прастагнала Ганька.

Яна ніколі не лашчыла дзяцей і зараз баялася працягнуць рукі да гэтага камячка, каб сваімі шурпатымі, як тарка, далонямі не зрабіць яму балюча. А дзіця разрывалася ад крыку - нават тварык пасінеў. Ганька нарэшце адважылася, прытуліла дзіцятка да грудзей і подбежкам падалася на сцежку...

Аднаму Богу вядома, як удалося Ганьцы выгадаваць хлапчука. Які там на балоце наедак - адно што кароўка ратавала.

На першым часе яна з надзеяй чакала, што вось-вось аб'явяцца бацькі, забяруць дзіцятка. І хоць у Стары Горад удавалася трапіць усё радзей, Ганька пры кожнай паездцы старалася круціцца там, дзе збіралася больш людзей: магчыма, хто-небудзь абмовіцца ці пажаліцца, што ў кагосьці прапала дзіцятка. Аднак ніякіх звестак... Ганька нават не спяшалася даваць хлопчыку імя - усё адно забяруць. І толькі потым з вуснаў раз-пораз пачало зрывацца: «Юзічак».

Часам Ганька лавіла сябе на думцы, што яна ўжо, бадай, і не хацела б, каб знайшліся ягоныя бацькі. А калі аднойчы раніцай пачула пісклявае «ма-ма», на душы зрабілася шчымліва-радасна.

З тае хвіліны Ганька зразумела: без дзіцяткі не зможа жыць. І часамі апаноўваў жах, што нехта можа яго адабраць. Ганька ўбіла сабе ў галаву, што яго абавязкова адбяруць! Калі не бацькі, дык любы, хто завітае сюды, на хутар. Чаго добрага, падумаюць, што недзе ўкрала.

Ганька пачала пазбягаць людзей. А яны, асабліва касцы, якія кожнае лета ўвіхаліся на дзялянцы канюшыны, сляпіцаю лезлі ў вочы, хацелі пагаманіць, а то і адпачыць у хаце.

І тады Ганька зразумела: трэба іх адсюль выжываць, трэба адбіць у людзей ахвоту прыходзіць на хутар. Яна прыдумала здань...

У белай прасціне насілася па балоце - балазе ведала тут кожную купіну. Касцы палохаліся, некаторыя хрысціліся, але на досвітку ўсё адно з'яўляліся на дзялянцы.

Маладзейшых дык увогуле здань толькі разахвоціла: яны часцей пачалі наведваць хутар, каб распытаць у Ганькі пра гэтую страхалюдзіну. Кожны з іх мог выпадкова зайсці ў хату, і тады... Тады ёй давялося б развітацца са сваім Юзічкам.

Ганька вырашыла перастрахавацца. Яна разабрала пуньку, якую збіў яшчэ бацька, па дошчачцы перацягнула ўсё на астравок, так-сяк сабрала, збіла хлевушок.

Зімою Юзічак жыў у хаце. Ганька не асцерагалася: каму ўздумаецца лезці сюды, за белы свет, па сумётах і бездаражы? А летам ладкавала пуньку пад хованку для Юзіка. Калі касцы затрымліваліся дацямна, яна, прыспаўшы хлопчыка, часам пакідала яго тут і на ноч. Шкада было несці яго па балоце ў хату: яшчэ прачнецца. А ў пуньцы цёпла, мякка на духмяным сене. Раніцай хлопчык не паспяваў прачнуцца, як Ганька стаяла над ім са збанком сырадою.

Калі мы з Гараськам упершыню завіталі на хутар, Юзік знаходзіўся ў хаце, у другім пакоі. Пакуль мы вячэралі, Ганька сядзела як на іголках: а што, калі Юзік заплача? Зрэшты, хлопчык ніколі не бачыў чужых людзей і, мусіць, пачуўшы галасы, зашыўся пад ложак.

Мой другі візіт Ганька ўспрыняла як сур'ёзную пагрозу (ці не здагадаўся пра яе таямніцу?), і калі я ўлёгся, яна выбралася з Юзікам праз акно, занесла яго ў пуньку, прыспала. І толькі потым стала зданню...

 

* * *

 

- Вось і ўсё, - Ганька цяжка ўздыхнула. - Не выдавай мяне, сыночак. Я не змагу жыць без яго... Можа, людзі даруюць мой грэх, - яна ледзь варушыла парэпанымі вуснамі.

- Прабачаць? За грэх? - ускочыў я з калоды. - Ды ты ж чалавека выратавала! Разумееш, ча-ла-ве-ка! Ад каго ты хаваешся? Ад людзей?! Ды людзі табе толькі дзякуй скажуць, людзі табе дапамогуць! Хопіць гуляць у хованкі...

Ашчаперыўшы галаву, Ганька адрачона гайдалася з боку ў бок, і здавалася, мае словы да яе не даходзілі...

 

* * *

 

Праз два месяцы ў рэдакцыю прыйшоў ліст на маё імя.

«Добры дзень, дарагі мой чалавек! - літары хоць і стракаціліся, але напісана было досыць пісьменна. - Не ведаю, як і аддзячыць за ўсё, што ты зрабіў для нас з Юзічкам. Прыязджаў сам прадсядацель, угаворваў перабрацца ў вёску. Я, можа, і не пагадзілася б, мне і на хутары было добра, ды падумала я пра Юзіка. Ён жа расце, яму скора ў школку трэба, а то як жа ён будзе няграматны? Пераехала я, а цяперака от і не шкадую. Хата ў нас новая, аж і не верыцца. І кароўку далі, ладную кароўку, першацёлачку. А нашу старую забралі. Шкода мне яе было, ох як шкода - так я па ёй галасіла. Але ж старая зусім, з яе ўвесь набытак - карэц малака.

Усё ў нас добра, усё як трэба. Хай жа і табе дасць Бог здароўечка, дарагі мой чалавек...»

 

1993


1991?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая