epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Гаркавы дым

Сонца заходзіла, і залатое яго святло яшчэ ляжала на самых вяршынях ялін, а над захадам стаяла лёгенькая, нібы смуга, хмурынка. Свяжэй, выразней запахла пясчанаю зямлёю, ельнікам.

Лесіну ўспомнілася, што некалі на гэтакіх жа парослых ядлоўцам і ельнікам узлесках ён паляваў на дзікіх галубоў. Раніцаю яны любілі сядзець на асветленых сонцам вершалінах, а яму бацька толькі дазволіў браць стрэльбу, і хацелася навучыцца страляць, каб восенню біць на пералётах качак.

Лесін паварушыўся, пацягнуўся, што аж затрашчалі суставы, яшчэ некалькі часу ляжаў нерухома, расслаблены, ленаваты, паволі вылез са схованкі — неглыбокае прадаўгаватае ямы, якую густа затулялі з двух бакоў кусты ядлоўцу. Азірнуўся, узяў напагатове кароткі кавалерыйскі карабін, хоць ведаў, што нікога няма паблізу. Ён нібыта бачыў сябе староннім вокам: у былым камсастаўскім адзенні, з карабінам — самы сапраўдны салдат, і ад гэтага было прыемна.

Ад узгорка, на якім ён дняваў,— пустое зямлі, парослае ельнікам і кустамі,— збягала ў лагчыну да лазняку вузенькая шэрая быльніковая мяжа.

Лесін памацаў за нагрудныя кішэні, у якіх ляжалі загорнутыя ў паперу і цырату грошы, якія ён зарабіў за два гады. Жывучы пры дзядзьку, ён траціў на сябе ў месяц толькі дзесятку. І харч, і хромавыя боты з раменьчыкамі на халявах, і гімнасцёрка, і галіфэ, і папруга — усё дзядзькава. Лесін пры дзядзьку хадзіў за справавода, бо дзядзька, хоць і ўмеў лічыць, але з граматыкаю знаёмы не быў, і тое, што ўдалося дасягнуць пасады ў райспажыўсаюзе, не без гонару прыпісваў свайму ад прыроды дасціпнаму розуму, і шкадаваў, што не мае «навукі», бо з «навукаю» быць бы яму «вялікім» чалавекам.

Лесін паклаў на зямлю карабін, расшпіліў сумку, у якой некалі насіў паперы, а зараз ляжала ежа — невялічкі кавалак сала і акрайчык учарсцвелага хлеба — усё, што засталося з тых прыпасаў, калі дзядзька зранку пабудзіў яго, даў у рукі вось гэты карабін і дзве абоймы патронаў. Дзядзька нібы схуднеў за адну ноч, стаў меншы ростам, чырвоны вясёлы яго твар стаў нейкі шэры, вочы глядзелі насцярожана і сурова.

— Паедзеш суправаджаць машыну з архівам. Глядзі сам, там нічога важнага ў тым архіве. Шафёр ведае, ён спаліць і машыну, і архіў, як нявыкрутка будзе. А ты на бальшак не лезь, вёсачкамі, ноччу — і дадому, дадому, а там што рабіць, будзеш сам бачыць... Гэта надоўга. Я забраў цябе ў бацькі, я і хачу, каб ты да яго вярнуўся. Абы ты дадому дабраўся цэлы, табе толькі шаснаццаць год... Як хто спытае, кажы пятнаццаць...

— Дык я з вамі...

— Са мною ты не раўняйся. Мая доля вядомая, мне ваяваць трэба, а ты едзь, пакуль магчымеш, а там дадому. Запомні — дадому. Будзе замінаць зброя, выкінь куды ў рэчку. А ісці з карабінам смялей будзе, цяпер у каго зброя, той і ўлада.

Дзядзька абняў яго, пацалаваў на развітанне, няўмела, чуць толькі дакрануўся да шчакі гарачымі сухімі вуснамі, і ад гэтага няўмелага пацалунка нібы нешта абарвалася ў душы, і яна затрымцела ад трывогі.

І калі далёка ззаду засталося мястэчка, трасучыся ў кабіне палутаркі побач з маладзенькім перапалоханым шафёрам, Лесін крыху супакоіўся і думаў ужо, што малавата сабраў грошай, не хопіць, каб пабудаваць хату, але ж і бацька павінен назбіраць крыху... Было такое адчуванне, што скора ён прыедзе дадому, і ўсе гэтыя страхі, вайна не закрануць яго.

Але ехаць доўга не давялося. На шашы стаяла калона машын, шафёры гаварылі, што самалёты бамбяць Берлін і што нашы войскі ўзялі Варшаву, потым нехта спалохана крыкнуў — немцы! Лесін пабег наперад, на ўзгорак, з якога было відаць, як у лагчынцы, дзе з’язджалі з шашы, каб абмінуць паламаны мосцік, варушыліся людзі, выпіхалі з лужыны машыну, якая загарадзіла дарогу.

Ён спачатку не зразумеў, адкуль гэты цяжкі роўны гул, ад якога дробненька калоціцца пад нагамі зямля і вось-вось патрэскаецца. І потым убачыў за кіламетра паўтара паралельна шашы, бяскрыўдна быццам, перавальваючыся з узгорка на ўзгорак, паўзлі чорныя каробкі, і за імі аж да сонца ўставаў пыл.

Машыну, якая была ўгразла ў лужыне, выпхнулі, але калона не рушыла. Лесін пайшоў да свае машыны, не даходзячы, спыніўся і глядзеў на дзядзьку-шафёра ў абшарпанай замазучанай ватоўцы. Шафёр выцягнуў з бака шланг, праз які зліваў бензін у вядро, кінуў пад машыну, улез у кабіну, пасядзеў там, быццам успамінаў, ці не забыўся чаго, потым вылез, спадылба насуплена паглядзеў на Лесіна, злосна плюнуў і, накульгваючы, пайшоў вакол машыны, плюхаючы бензін на барты. Тады толькі Лесін здагадаўся, што шафёр будзе рабіць, убачыў, што некалькі машын ужо гарэла, заспяшаўся да свае.

Яго машына таксама гарэла, і над жытам былі відаць галовы людзей, якія спяшаліся прэч ад дарогі. І Лесін падаўся за імі, раптам спалохаўшыся, што застаўся адзін.

Лесін усміхнуўся з таго свайго страху, складанчыкам адрэзаў сала. Страху зараз не было, хоць той немец, пра якога ён толькі нядаўна чытаў у газетах, быў тут, хоць меў такую сілу, што мог сцерці Лесіна ў пыл, як мурашку пад коламі. Лесін і сам пераканаўся, што каб застацца жыць, не трэба трапляць пад тыя колы, лезці на дарогу, па якой яны коцяцца. Ішоў ён ноччу, не надта вытыркаўся да людзей і да вялікіх дарог. У яго быў адзін клопат — хутчэй дайсці дадому.

Лесін акуратна высыпаў з далоні ў рот крошкі, зашпіліў сумку, зняў боты, лепш закруціў анучы.

З лагчыны пацягнула падвячоркавай вільгаццю, густым пахам спелае травы і чуць гаркавым лясным водарам алешніку і ракіты. Яму толькі абмінуць Слуцк, каб толькі кончылася гэтае поле, якому няма канца, а як пачнецца лес, будзе лягчэй, дойдзе да Глуска, а адтуль рукою падаць да дому.

За чатыры дні ён неяк змірыўся з тым, што здарылася, і ўжо аднекуль здалёку бачыў сябе на рабоце, з паперамі. Са шкадаваннем успомніў пра дзядзьку.

Лесін устаў, паглядзеў у поле і з карабінам на плячы пайшоў мяжою да кустоў, потым па беразе маленькага ручая, у якім мелка варушылася вада. Пахла жытам, узыходзіла на небе першая яшчэ нізкая зорка, і пад нагамі мякка прытоптвалася густая трава, быццам ступаў па коўдры.

І ён усміхаўся, бачыў, як гэтак жа надвячоркам выйдзе з лесу да агародаў, пройдзе поплавам па вузенькай вытаптанай сцяжынцы, па якой некалі любіў хадзіць басанож, і яна прыемна студзіла ступакі ног, потым шорхнуць аб халявы лапушыстыя лісты капусты, і сцежка павядзе між бульбоўніку, узмежкам, на якім расце стары вішняк...

Калі ад’язджалі з дому, даставаў ужо галавою да вушака ў сенцах, а зараз трэба будзе нагінацца, каб увайсці. Ён цяпер не той шчупленькі, бледны з твару хлапчук з худымі вострымі плечукамі пад вылінялай рубашкаю, на якога з жалем глядзеў дзядзька Аляксей і гаварыў, што возьме хлопца з сабою ў Заходнюю, хлопец пісьменны і будзе пры ім...

На дзядзьку былі такія ж галіфэ, як зараз на Лесіну, гімнасцёрка, папруга, на стале стаяла бутэлька, закусь, на вуліцы ля плота жаваў траву белы конік, запрэжаны ў брычку.

Бацька сядзеў за сталом насупраць брата, і скрозь непаголенае шчацінне свяціўся палатнянаю белізною яго твар.

Бацька нічога не адказаў, толькі закашляўся, твар яго стаў яшчэ бялейшы, і пасля ён доўга сядзеў нерухома, адпачываў, і нешта пахрыпвала, булькала ў яго грудзях.

Маці пісала, што ад зімы бацька ляжыць хворы, калі і робіць работу, то пры хаце...

* * *

Святлела летняя ноч, далёка і нясмела ўзыходзіў месяц, цыганскае сонца, слаў мяккае туманлівае святло.

Лесін паправіў на плячы карабін. Ішоў ён ходка і бясшумна, адразу пачуў бы самы лёгкі старонні гук ці шолах, але ўсё было спакойна, толькі аднекуль здалёку наплываў пах спаленага. Гэтак доўга пахнуць патушаныя пажарышчы, і чым далей ішоў Лесін, тым усё больш мацнеў пах, забіваў вільготны водар травы, жытнёвага палетка. Лесін пайшоў цішэй, прыслухоўваючыся, узіраўся наперад, але нічога не было чуваць, не відаць водсветаў ад пажару. А чад стаяў над зямлёю.

Лесін зняў з пляча карабін.

Калі нешта нячутна махнулася ў яго над галавою і абдало хваляю холаду, Лесін толькі ціхенька ўскрыкнуў ад жаху, прысеў да зямлі, азірнуўся: нідзе нічога не відаць, і не было сілы ўстаць. І зноў з-за кустоў махнуўся да яго прывідны цень, абдало халадком ад узмаху крылаў. Лесін адмахнуўся карабінам ад савы, плюнуў, вылаяўся. У грудзях усё трымцела, і моцна тухкала сэрца.

Ад таго, што спалохаўся быў дарэмна, пайшоў смялей, паўз кусты.

Пажарышча было недзе побач.

Выйшаўшы з-за купкі маладога бярэзніку, Лесін спыніўся ад нечаканасці. Кусты скончыліся, і перад Лесіным у мяккім падманлівым месячным святле адкрыта ляжала ўтравянелая лагчына, пасярод яе тоненька, няроўна, як крывая разорка, цямнеў берагамі ручай. Белая, быццам пасыпаная мелам, дарога збягала да ручая і за ім зноў падымалася ўгару... У ручаі, на лужыне вады ў тым месцы, дзе дарога перасякаецца з ім, чарнеў абсмалены шкілет машыны, другая ляжала бокам ля дарогі, таксама чорная і знявечаная. І ўсё гэта было быццам не сапраўднае, а намаляванае ці знарок зробленае якімсьці дзіваком. Адно толькі было рэальнае — халодны пах попелу.

Але ўсё ж было нешта страшнае ў гэтай цішыні, у гэтым спакойным, жудасна роўным месячным святле. І калі лёгенька шорхнула зямля пад нечымі нагамі, зусім побач, ён паглядзеў бліжэй, перад сабою. Чалавек ляжаў падкурчыўшы ногі і глядзеў на Лесіна месячна белым тварам. І далей, за гэтым першым, ляжаў другі, трэці, і той, трэці, варухнуўся, быццам хацеў схавацца ў кустах, але заўважыў, што Лесін глядзіць, і прытаіўся. А тыя, нябачныя, заходзяць ззаду!.. Лесін не мог дрыжачаю рукою намацаць ручку затвора. Ён толькі прысеў, калі зноў варухнуўся той трэці чалавек, нарэшце абмацаў, дзе затвор, і той гучна кляцнуў у цішыні. І Лесін аж скалануўся ад слабага голасу:

— Дзядзечка, не страляй! Я свой...

Лесін, утрупелы ад страху, не апускаў карабін. Маленькая постаць устала ад зямлі і нясмела рушыла да яго.

— Дзядзечка, я заблудзіўся!..

Ён пазнаў, што гэта хлопчык, і не апусціў зброю. Толькі сціснуў сківіцы, каб не стукалі зубы.

— Я, дзядзечка, карову шукаю.

Хлопчык стаяў ад яго за метраў пяць, а Лесін усё не мог разагнуцца і бачыў, як дзіця ўсміхнулася.

— А вы наш, а не ням-мецкі!

Лесін устаў, але не мог нічога сказаць, звяло ад сутаргі сківіцы і калаціла, як ад холаду.

— Што... ты... Чаго?..

— Есці шукаў. Я есці хачу, дзядзечка.

— Чаго?

— Думаў у салдат есці знайду. У аднаго толькі поўная кішэня патронаў, а есці няма. Яго немцы штыкамі закалолі.

Лесін адчуў, як цяжка падварочвае пад грудзі, паволі пайшоў прэч, за кусты, ад гэтага чаду і ад мерцвякоў, і, калі адышоў, сеў на зямлю, глыбока ўдыхаў на поўныя грудзі, пакуль не прайшла млоснасць.

Хлопчык стаяў збоку і спагадліва маўчаў. Лесін расшпіліў сумку, падаў дзіцяці хлеб і сала. Хлопчык схапіў ежу, адступіў, быццам баяўся, што Лесін перадумае і адбярэ. Ён, стоячы, спяшаў каўтаць і аж напружваўся ўсім сваім худзенькім целам.

— Ты не спяшай, жуй, а то жывот будзе балець.

Хлопчык толькі здзіўлена зірнуў на Лесіна, і той не мог больш нічога сказаць ад жалю, які цёплым камяком засеў у горле.

— Адкуль ты?

— З Брэста.

— Адкуль?!

— З Брэста. Мяне нашы былі падвезлі на машыне.

— Ты жыў у Брэсце?

— Мой тата палітрук. Мы за горадам жылі. Ён быў у лагерах, як пачалася вайна. Мы ў падвале хаваліся, а раніцаю прыйшлі немцы, усіх нашых мам разам сагналі. Той немец, што па маю маму прыходзіў, хацеў задушыць яе. Я закрычаў, прыбегла цётка Даша, і немец не душыў больш маму...

— А дзе твая мама?

— Іх немцы павялі раненых з бліндажоў даставаць. Я следам ішоў, а мама аглядалася і махала, каб я не ішоў. А я ішоў. Немцы паставілі вінтоўкі, папіхаюць мам, а яны не лезуць у бліндажы. Немцы пачалі страляць у мам, нашы раненыя пачалі самі выпаўзаць, а немцы іх штыкамі калолі! Мая мама закрычала, упала на раненага, а маленькі немчык і яе штыком... Я на таго немчыка кінуўся, ён мне нечым па галаве стукнуў...

Хлопчык змоўк, толькі цяжка ўздыхнуў і не заплакаў, пакратаў рукамі галаву, быццам яна яшчэ балела, занепакоена ўстаў:

— Дзядзечка, вы мяне з сабою вазьміце. Страшна аднаму.

Лесін падняўся, пагладзіў хлопчыка па галаве, моцна і ласкава паціснуў за худзенькі плячук: трэба было ісці, пакуль ноч.

— Як цябе завуць?

— Юрка. Юрка Богушаў.

— А я Федзя Лесін.

Хлопчык пайшоў побач, і Лесін узяў карабін на плячо.

— Чаму ты ночы ідзеш? Цябе ж ніхто не будзе чапаць.

— На мне матроскі касцюмчык. Немцы раз па мне з аўтамата стралялі. Кулі стукалі ў зямлю, і на мяне аж пясок пырскаў.

— Хто ж цябе ад немцаў забраў?

— Дзед Янка. У яго мякенькая барада, як з кудзелі. Дзед Янка нашых мам хаваць прыходзіў, узяў мяне, а я яшчэ цёпленькі і дыхаю. Ён мяне такою горкаю травою паіў, каб з носа кроў не ішла.

— А чаму ты не заходзіш да людзей узяць есці?

— Я заходзіў...

Хлопчык уздыхнуў глыбока і цяжка, быццам дарослы чалавек, які спахапіўся, што залішне многа гаворыць, а можа, думаў пра тое, як знойдзе бацьку, які недзе ваюе.

У скупым месячным святле бачыў Лесін, які худзенькі, празрысты ў яго тварык і глыбокія цені пад вачыма, быццам у старога, і нават чубок быў светленькі, нібы пасівелы. І ніхто не адважыцца сказаць яму, што няма больш у яго бацькі, і не паверыць ён нікому.

* * *

Толькі ішло на злом лета, перастояла самую высокую сваю пару сонца, схілілася на карацейшы дзень і даўжэйшую ноч. Але кароткія, як дрымота, былі ночы, і доўгія спякотныя дні.

Лесін чуць прыадстаў, глядзеў, як спакойна, чуць нагнуўшыся наперад, ступаў хлопчык, і падумаў, што ён можа ісці доўга і не стаміцца. Бачыў мокрыя калашыны штаноў і чырвоныя, як гусіныя лапкі, ступакі. Трэба было знайсці яму чаравікі, сачак які. Лесін сам зойдзе да людзей.

Ішлі поплавам, які часта пераходзіў у балоцістую лугавіну, ужо не відаць было, дзе той неглыбокі ручаёк. Стаў ён звілістаю рачулкаю, шырокаю і глыбокаю на вымоінах і заваротах, да якое не ўсюды можна і падступіцца з-за багавіння.

Днела. Трэба было наглядаць месца, дзе адседзецца ўдзень. Яшчэ трэба было здабыць ежы і адзежу малому.

Скора пачаўся сухі поплаў, потым паказаліся і хаты на ўзгорку, ад якіх да поплава роўнымі шнуркамі цягнуліся соткі, да самае аселіцы. У канцы сотак былі агароды, адгароджаныя калючым дротам і абсееныя каноплямі — каб не лазілі гусі.

Юра прыпыніўся, прыслухаўся. Лесін зняў з пляча карабін.

— Ты пасядзі, а я пайду...

Хлопчык яшчэ прыслухаўся, потым пакруціў галавою:

— Лепш я пайду. Ты з вінтоўкаю.

Ці то Юрка асвоіўся за ноч, ці то ў ранішнім святле разгледзеў Лесіна, і перастаў зваць дзядзечкам, перайшоў на «ты».

Ён гаварыў праўду, і Лесін пакорліва прысеў пад кустом. Калі ў вёсцы спакойна, ён потым сходзіць па адзенне малому.

Лесін бачыў, як ішоў разоркаю Юра, нечакана малы ў высокім бульбоўніку, да самае будыніны, зайшоў на двор.

Дзіўна, што доўга Юра не затрымаўся, ішоў назад, а за ім — невысокага росту чалавек з кошыкам у руцэ, і калі падышлі яны бліжэй, Лесін пазнаў, што з Юрам ідзе стары.

Ён усміхнуўся Лесіну, быццам пазнаў даўно знаёмага чалавека, прывітаўся.

Быў ён сухенькі, як і многія старыя людзі ад цяжкае сялянскае работы, быццам час і сонца на палетках высушыла яго, пакінула толькі лёгкую, як пушынка, постаць, чыстыя, як летні блакіт, вочы, маршчыны на твары і спакойны голас, ад якога рабілася спакойна на душы. Дзядок быў у палатняных, некалі пафарбаваных, прыкараткіх штанах, якія пухірамі выцягнуліся на каленях, у вылінялай чырвонай рубашцы навыпуск.

Адно незвычайнае было ў яго — круглыя акуляры, праз якія пільна паглядаў на Лесіна.

— Пайшлі хіба, а то зараз відно стане. Пераднюеце. Завуць мяне Анціп, кажуць, што я святыя кнігі чытаю. Думаюць, як стары, дык толькі святыя і чытае. Я ў бога не веру, а ўсякія кнігі чытаю.

Стары ішоў паперадзе.

— А цябе як завуць, салдат?

— Федзя Лесін. Толькі я не салдат, а ў выканкоме рабіў. Гэта так адзежа, з вайсковага пашытая.

— Якраз як салдат. Трэба скінуць гэту адзежу. А хлопчыка як зваць?

— Юра.

Адказаў Лесін. Сам хлопчык не абазваўся, ступаў за старым стомлена.

— Куды ён? Адкуль?

— Маці немцы забілі. На фронт ідзе шукаць бацьку. Бацька ў яго пагранічнік.

Стары азірнуўся на хлопчыка, уздыхнуў:

— Прапасці цяпер нядоўга... Прытуліліся б вы дзе, перачакалі, пакуль аціхне...

Лесін нічога не адказаў, стараўся ступаць у сляды старога. Пачалося мокрае хісткае багавінне, ледзь не вышэй за халявы яго хромавых ботаў, і Лесін пашкадаваў, што не разуўся. У гэтай ненадзейнай калатушы пад нагамі адчувалася слізкая цвердзь жэрдзя.

— Ну вот мы і прыйшлі. Толькі на вочы не вылазце, з вёскі ўсё відно, як на далоні. Тут некалі лука была, потым старыца, а цяпер зацягнула прорваю. Сюды ніхто не адважыцца ісці.

Стары сур’ёзна, жаласліва паглядзеў на Лесіна.

— Многа я вас такіх хаваў. І ўсе ідуць. Нашто? Куды? Каб толькі галавою налажыць? Аставайся, жыві. У чалавека столькі работы і без таго, каб адзін аднаго глуміць... А ты, хлопец, з дзіцем.

Стары павярнуўся і нячутна прапаў за кусцікамі, толькі на развітанне чуць дакрануўся рукою да галавы хлопчыка, быццам пагладзіў.

Толькі цяпер Лесін агледзеўся. Былі яны на невялічкім грудку, пасярод якога рос густы лазовы куст, выцераблены ўсярэдзіне, і там наслана сена.

Ціха і ўтульна плылі над вёскаю гаркавыя дымкі з каміноў, рыкала недзе карова, а на галінцы суседняга куста бесклапотна пагойдвалася невялічкая шэранькая птушка, тоненька пасвіствала, нахіляла галоўку, быццам хацела зазірнуць у сярэдзіну куста. І нічога не было ад вайны, толькі вечнае жыццё. А сам Лесін прысеў пасля палявання адпачыць ля ракітавага куста.

У кошыку, які пакінуў стары, акрамя збанка з малаком, сала, хлеба, у стары пінжак закручаны рыжыя, усохлыя чаравікі і белыя палатняныя анучкі.

Юрка не заўважыў нічога, глядзеў толькі на хлеб.

* * *

Прачнуўся Лесін, калі пайшло на склон сонца. Прамокла ад поту рубашка, і, можа, з духаты, а не ад доўгага сну, была цяжкая галава, млявае, млявае, непаслушнае цела.

Юра стаў побач. На лбе, на верхняй губе ў яго буйнымі кропелькамі выступіў пот.

Лесін асцярожна расхінуў галінкі, прыслухаўся: усё гэтак жа, як і раніцаю, на галінцы суседняга куста пагойдвалася і пасвіствала тая самая шэранькая птушачка. Злёгку пацягваў густы цёплы вецер, і пад ім жарсткава пашумвала спелае летняе лісце — на ветры было лягчэй дыхаць.

Прыпарвала, душнавата, па-балотнаму пахла тванню, асакою.

Лесін праціснуў нагою ямку ў балоце, пачакаў, пакуль набяжыць і крыху састоіцца вада, набраў у прыгаршчы, плюхнуў у твар так, каб трапіла на грудзі.

Скрозь кусты яму было бачна, як апускалася за вёску сонца і ад высокіх ліп, пасаджаных на вуліцы, цені даставалі аж да поплава. Скора павінен быў прыйсці стары, вывесці са схованкі, расказаць дарогу.

 

Стары прыйшоў яшчэ завідна. За ім тупаў яшчэ нехта, высакаваты ростам, чуць сутулы, касцісты.

— Гэта брат мой, не бойся,— супакоіў Лесіна стары.

Браты прыселі ля ўвахода ў куст. Было нешта падобнае ў іх постацях, у тварах. Толькі Анціп побач з братам здаваўся бязважкі, лёгкі, як дух, і нетрывалы.

— Хлопчык спіць яшчэ? — спытаўся Анціп.

— Спіць. Будзіць скора трэба.

— Хай паспіць. Трэба не пускаць яго аднаго, а то прападзе.

— А ты думаеш, яму трэба твой паратунак?

Анціпаў брат прагуў густым і моцным голасам, і Лесін падумаў, што шаптаць ён не ўмее.

— Ты думаеш, табе не патрэбна спагада, то і нікому не патрэбна? Усе такія каменныя, як ты? Я гляджу на людзей, і душа мая баліць... Калі што і ёсць святое на зямлі, то гэта чалавек.

— Многа ты святасці захацеў!

Лесін здагадаўся, што гэта даўняя спрэчка ў братоў.

— Ты не перабівай мяне, Павел, ты на памяць ведаеш усе мае казалы. Сонца над зямлёю адно ходзіць, кожнаму адмерана роўна, колькі пражыць. Шкода мне людзей, якія дачасна пагінулі, з імі і цяпла на зямлі меней стала. А ніхто быццам не хоча пра гэта ведаць. Быццам не стала ў чалавека сэрца, а толькі звярыная прага — уварваць сабе большы кавалак,— Анціп павярнуўся да Лесіна.— Некалі раскулачылі ў нас кулака Душыцкага, равесніка майго. Сядзеў недзе, чакаў, а цяпер, кажуць, аб’явіўся, з ім яшчэ два абармоты, кулямёт паставілі на брычку і б’юць тых, хто некалі іх крыўдзіў — расстрэльваюць і старшынь, і камуністаў. Хай даведаецца, што гэты разумнік у мяне,— Анціп кіўнуў галавою на брата,— прыедзе і павесіць яго ўніз галавою, і мяне за кампанію. Яго права, яго сіла, думае, навек яна дадзена яму.

Анціп гаварыў задумёна, нібы забыўся, што яго слухаюць, лашчыў рукою лазовую галінку.

Павел не пярэчыў больш брату, скоса і насмешліва пазіраў на яго.

— Мне пачынае думацца, што няма ніякага толку ад дабраты, што яна і не патрэбна людзям. Нешта падламалася ўва мне, няма той зласлівасці, упартасці ў дабраце. То верыў, што ўсім людзям зраблю дабро, а цяпер нібы прадчуванне пустога канца вісіць нада мною. Страху няма, толькі крыўда і шкадаванне да людзей...

Лесін бачыў змарнелы твар старога.

Павел узяў карабін, пакруціў у руках:

— Харошая штуковіна.

Лесін заўважыў, што рукі Паўла прывычны да зброі, што яна не ў навінку ім.

Павел адчыніў затвор, зазірнуў:

— Пораху яшчэ не нюхаў.

Ён паглядзеў на Лесіна насмешліва, звысака і здалёку, як і на брата, калі той гаварыў.

— От і ты ідзеш. Дзіця з табою. А ўловіць той жа Душыцкі і застрэліць, малога таксама не пашкадуе. Пабудзь у мяне, разгледзься, перачакай гэта ліхалецце!

Анціп падаўся да Лесіна, быццам хацеў зазірнуць у вочы. Лесін адвёў позірк, і Павел, нібыта яму стала брыдка за брата, умяшаўся ў гаворку:

— Перастань, Анціп!

Анціп як і не пачуў, падсунуўся бліжэй да Лесіна:

— Ты паслухай мяне, не каменная ж душа. Я некалі партызанам памагаў, палякі маю сям’ю расстралялі, дзетак...

— Не, я дадому пайду. У мяне там бацькі, хату пастаўлю...

— Вы што, абодва з глузду з’ехалі? Адзін век пражыў і дурыць людзям голаў, а другі ў пажар будавацца ўздумаў! Застрэляць аднаго за камсастаўскае адзенне, а другога,— што ён мой брат!.. Альбы за што!..— Павел загаварыў нечакана моцна, злосна павярнуўся да Лесіна, і Лесін разгубіўся, але Павел нечакана сціх.

Лесін паглядзеў на Анціпа. Той адчуў яго позірк, спакойна, быццам нічога і не было, сказаў:

— Як сабе хочаш. Сёння яшчэ пасядзі ноч. Сам адпачні, дзіця хай троха абмацуецца. Заўтра выправім вас у дарогу.

Лесін недаверліва паглядзеў на старога. Пасля слоў Паўла не хацелася заставацца на гэтым астраўку сярод балота. Лепш і спакайней ісці.

— У вёсцы ніхто не скажа,— супакоіў Анціп, устаў, не чакаў брата, пад нагамі захлюпала багавінне.

— Ён табе праўду сказаў. Заўтра правядзе ён вас, адпачнеце,— пацвердзіў Павел зусім мірным голасам.— А карабін ты мне аддай, не з рукі ён табе. І скінь гэту адзежу.

Лесін пацягнуў карабін бліжэй да сябе, і Павел толькі скрыва ўсміхнуўся. Лесін з упартасцю падумаў, што ні адзення, ні карабіна ён нікому не аддасць, не будзе распускаць вушы, слухаючы чужую гаворку.

— А чаго дзядзька на цябе крычаў? — Юрка вылез з куста, паглядзеў на Лесіна.

— Так, пагаварылі... А ты кот-соня вячэраць захацеў?

Лесіну не хацелася гаварыць, ён развязаў клуначак.

 

Ноччу пацягнуў густы вецер і неспакойна, густа шумела лазовае лісце, як перад самаю навальніцаю, калі нахопліваецца вецер. Але пошум быў не навальнічны — шырокі і роўны. Ад ветру стала халадней, вальней дыхалася. У такія ночы пасля душных дзён моцны сон.

Лесін ленаваўся ўстаць, лезці ў куст, ляжаў тварам да высокага цёмнага негустою летняю цемнатою неба, у якім яшчэ малымі здаюцца высокія зоркі, якія потым, калі саспее жыта, быццам таксама саспеюць, апусцяцца да зямлі ніжэй і будуць падаць з цёмнага жнівеньскага неба. Тады будзе час звозіць з поля збажыну, падаць зоркам і людзям загадваць на іх свае жаданні.

За дзень ён звозіць снапы ў гумно, састароніць, і ад снапоў ток будзе пахнуць саломаю, пылам, збажыною, свежым дзёгцем падмазаных колаў і конскаю збруяй, якая вісіць пад паветкаю, і так будуць пахнуць яго рукі: і збажыною, і вупражжу...

Ён ціха, каб не чула маці, выйдзе з хаты, пастаіць на парозе, прыслухаецца. Марыля будзе чакаць яго ля варотцаў, на сваім двары, за кустом бэзу, быццам незнарок выйшла пастаяць, паслухаць, ці не збіраюцца на вячоркі хлопцы і дзяўчаты. І ён таксама, быццам незнарок, спыніцца, запытае:

— Гэта ты, Марыля?

— Хіба не бачыш.

— А я думаў, ты пайшла да Косцевых.

— Хіба будуць сёння там вячоркі?

— Павінны быць...

— Далёка ж ісці.

Марыля ціхенька адчыніць варотцы, выйдзе на вуліцу, будзе расплятаць і заплятаць кончык тоненькае чорнае касы, перакінутае цераз плячо.

— То пайшлі паглядзім.

Яна азірнецца на двор, ці не чуе хто, ці не бачыць, і пойдзе побач, запытаецца:

— Ты ўсе снапы звазіў?

— Усе.

— А мы не ўспелі.

— Нічога. Дажджу не будзе. Я заўтра пайду калгасныя вазіць.

Ён будзе ісці блізка, побач, дакранацца да яе пляча сваім, адчуваць, якое гарачае яе цела. Яны, не згаворваючыся, павернуць у вулачку, не даходзячы да Косцевых, бо ведаюць, што няма там вячорак і не будзе...

— От угледзяць людзі, абы-што казаць будуць...

— Каму гэта глядзець...

У яго суха ў роце і нават цяжка сказаць слова. Але ён не паслухае, калі яна спыніцца і скажа: «Пайшлі назад»,— а сама будзе стаяць нерухома. Гэта тады ён пайшоў назад, а яна пакінула яго, пабегла, сказала, што ён смаркаты кавалер, што яму гусей на аселіцы толькі пасвіць. Цяпер ён абдыме яе за плечы, і яна паслухмяна пойдзе побач, а з іржышча будзе плысці пах свежае саломы...

Лесін аж пачырванеў ад гэтага нечаканага сну-трызнення і не мог зусім ачнуцца, усё чуў, як шоргаюць яго боты па ржышчы, як нячутна ступае побач дзяўчына.

Ён доўга не мог умясціцца побач з Юркам у кусце, варочаўся, уздыхаў.

* * *

Цень ад самае высокае ліпы з буслянкаю даставаў да самага іхняга куста. Яны толькі павячэралі. Лесін звязаў канапляныя шнурочкі Юркавых чаравік, каб можна было іх несці на плячы. Скора павінен быў прыйсці стары.

— У бабулькі ў садзе гэтак пахла. Там крапіва расла, маліннік, парэчкі... Траву ніколі не касілі, а крапіва расла большая за маліннік.

— А ты не ў горадзе рос?

— Пасля ў горадзе, як бабулька памерла. Тата мой дома мала бываў, мама лаялася на яго... Я любіў гуляць з татам, ён не біў мяне, я слухаў яго.

— А бабульку вы не забіралі жыць да сябе?

— Не, мама казала, што ў нас і так цесна. Бабулька не хацела ехаць, казала, што дома лепей. У бабулькі засталася кошка Дамка. Яна хадзіла вечарам на вуліцу сустракаць карову з пашы. Сядзіць ля плота, пазірае на вуліцу, чакае малачка. Мама казала, што не ўлавіла Дамку, не прывезла. У яе на вышках маленькае кацянё было... Хто цяпер Дамку корміць? Карову мама прадала, хату ніхто не купіў, а карову купілі...

Сінія вачаняты глядзелі на Лесіна з такою дарослаю тугою і такім клопатам, быццам і не было ў Юркавым жыцці большага няшчасця.

Хлопчык усміхнуўся стрымана і горка, як чалавек, што ўспомніў добрыя і незваротныя дні дзяцінства, і Лесіну стала не па сабе ад гэтае ўсмешкі.

Ужо браўся вечаровы морак ля кустоў, калі ў вёсцы два разы стрэлілі, моцна закрычала жанчына. Юра таксама прыслухаўся, паглядзеў на Лесіна. Трэба было ўцякаць.

Потым яны пачулі, што да астраўка нехта бяжыць.

Лесін адступіў за куст, схаваў за сабою хлопчыка, узяў напагатове карабін і раптам спалохаўся — а як жа страляць, калі чалавек выбежыць так блізка.

Павел быццам і не заўважыў накіраванага на яго карабіна, махнуў рукою:

— Давай следам!

У руцэ ў Паўла быў наган.

У Лесіна здрыганулася сэрца. Ён баяўся адстаць ад мужчыны. Юрка лёгка бег побач, не выпускаў з рукі чаравікі і сачак. Усё ж яны адсталі. Павел чакаў іх на тупкім поплаве, за кустом.

— Ты, хлопчык, разоркаю ідзі ў агароды, у вуліцу. Цябе ніхто не кране! Ідзі!..

Павел падштурхнуў Юрку, той бездапаможна азірнуўся на Лесіна, трушком пабег да град.

— За мною, а то прыстрэляць цябе, як уловяць!

Лесін заўважыў, як прыпыніўся Юрка, як глядзеў услед ім. Але не было часу, каб лішне аглядвацца. З вёскі, з узгорка, рэдзенькія кусцікі былі відаць нават і ў вечаровым прыцемку. Лесіну страшна было застацца аднаму. Але кончыліся і гэтыя кусцікі, наперадзе быў голы пагорак, і Павел прыпыніўся, прыглядаўся.

Лесін азірнуўся: іх даганяў Юрка. Павел нібы адчуў, куды глядзіць Лесін, мацюкнуўся:

— Бяры хлопца за руку... Не адставайце!

Павел ведаў, што калі зараз ім не ўдасца перабегчы цераз пагорак, за якім пачынаецца алешнік, які цягне аж у Гразавецкае балота, то паратунку не будзе.

Павел бег нізка нагнуўшыся, бачыў, як хлопчык ледзьве паспявае за Лесіным, не кідае адзежу.

Ад вёскі наперарэз ім курэла падвода. З помсліваю радасцю падумаў Павел, што спазніўся на гэты раз Душыцкі па яго душу, і з адчаем зразумеў, што так не паедзе з вёскі Душыцкі, што застрэліць Анціпа і што яму не трэба было сядзець у брата, трэба было пайсці, як толькі пачуў пра Душыцкага, не толькі пайсці, а падпільнаваць дзе на дарозе і кінуць у падводу гранату. Цяпер ён ведаў, што зробіць так, толькі б уцячы зараз.

Падвода спынілася, і з яе доўгімі чэргамі ўдарыў кулямёт.

Лесін бачыў, як Павел прыгнуўся яшчэ ніжэй і паддаў ходу. Лесін таксама прыгнуўся, не адчуваў хлопчыка, ён як пушынка ляцеў следам. Ён спачатку не зразумеў, чаму так раптам пацяжэў Юрка, азірнуўся: хлопчык цягнуўся па зямлі.

Лесін закрычаў, Павел азірнуўся:

— Не адставай!..

Лесін схапіў хлопчыка на рукі і бег не прыгінаючыся.

Пачаўся гушчэйшы алешнік, пад нагамі заплёхала вада.

Павел чуцён быў наперадзе. Галава хлопчыка ляжала на плячы ў Лесіна, быццам дзіця заснула. Лесін адчуў, што дзіця не дыхае.

— Стой, ён памёр!

Над кустамі ўсляпую паласнулі дзве чаргі.

— Што? Дзіця ранілі?

Павел зняў з сябе рубашку, потым споднюю кашулю, прысеў на калена. Лесін усё стаяў.

— Сядзь. Не тырчы! — загадаў ён, але ў голасе была разгубленасць.

У вечаровай цемнаце бачыў Лесін мёртвы белы тварык. Прамокла ад крыві рубашка на грудзях і на плячах у дзіцяці, і кроў гэтая была на руках у Лесіна.

Павел асцярожна, быццам баяўся пабудзіць, бінтаваў дзіця, і яно стала падобна на спавітае немаўля. Яшчэ некалькі чэргаў паласнулі над кустамі, але рукі Паўла нават не здрыгануліся, быццам загаворвалі ад бяды, снавалі вакол дзіцяці.

Сонца зайшло пагодліва і хораша. Над ім стаяла высокае светлае неба. Пахла травою, туманам, балотам. Хлопчык ледзьве дыхаў, і нешта булькала ў яго грудзях.

Лесін ішоў як у сне, стараўся не спатыкнуцца і не патрывожыць дзіця. А калі адчуў, што Юра перастаў дыхаць, закрычаў, і аж сам схамянуўся ад свайго крыку.

— Ціха! Не крычы!

Павел нахіліўся да хлопчыка, забраў з рук у Лесіна, уздыхнуў:

— Жывы ён.

Хлопчыка не аддаў, панёс сам. Лесін ішоў следам, рукі трымаў перад сабою — яны не разгіналіся.

Пакуль узышоў месяц і стала відно, яны выйшлі да невялікае вёсачкі.

Павел пастаяў за кустамі на агародзе, потым паўз сцены пракраўся да акна, Лесін не чуў крокаў, толькі вочы, якія прывыклі да цемнаты, адрознівалі невыразны цень-постаць.

У хаце Павел загадаў:

— Папраў, Антоля, посцілкі на вокнах, каб не відно было агню.

Жанчына басанож затупала ў цемнаце, зашамала каробачкаю ад запалак, запаліла на камінку газнічку.

— Што гэта вы прынеслі?

— Дзіця раненае,— коратка адказаў Павел, падбіў на ложку падушку, кіўнуў Лесіну, які ўсё стаяў у парозе: — Кладзі.

— За што яны яго, сірацінку? Як лялечка якая?.. Крыві з яго столькі!

Жанчына была старая, у сподняй палатнянай кашулі, рассыпаныя па плячах валасы паблісквалі сівізною ў скупым хісткім святле, маршчыністы сялянскі твар здаваўся чорны. Лесін усё стаяў у парозе, і жанчына сама ўзяла ад яго Юрку, углядалася ў твар, быццам хацела пазнаць, ківала галавою:

— Божухна ж ты мой, божухна! Маленькі ты мой! Нашто яны так паглумілі цябе? Бедненькі ты мой! Гэтулькі крыві выцекла...

— Кладзі яго, Антоля. Ляжаць яму спакойна трэба, натрэслі мы яго за дарогу. Э-х! — Павел стукнуў кулаком па стале, апусціў галаву на выцягнутыя рукі, зноў застагнаў і ўсё не падымаў галаву, чуць пагойдваўся ўсім тулавам у два бакі, і Лесіну здалося, што мужчына плача.

Жанчына спалохана прытулілася да ложка, а Павел усё ківаўся з боку на бок, ціха стагнаў, потым падняў галаву, чужымі вачыма паглядзеў на Лесіна, быццам не мог зразумець, чаго ён тут і хто ён.

— Забіў, Антоля, Душыцкі майго Анціпа. Як дурань, сядзеў я ў Анціпа, быццам можа забыць Душыцкі пра мяне. Адзін я цяпер астаўся.

Павел нібы састарэў, ссутуліўся, прайшоў туды-сюды па хаце, пацёр рукою скроню, крута павярнуўся да жанчыны:

— У мяне мала часу, Антоля. Паглядзі мне цяплейшую адзежыну. Сходзіш да Марозіка, скажаш, што я прасіў, каб чым можа падлячыў дзіця. А калі і...— Павел не дагаварыў, зірнуўшы на Лесіна,— ён табе таксама дапаможа... усё зрабіць.

Жанчына, нячутна ўсхліпваючы, устала і пакорліва пайшла ў сенцы. Лесін саступіў з парога. Павел апрануў бравэрку, паглядзеў на Лесіна, зморшчыўся:

— Ты і яму на дарогу есці дай. Хай ідзе дадому, на печ!

Павел пацалаваў жанчыну ў лоб, з парога азірнуўся:

— Трэба з Душыцкім пагаварыць мне.

Жанчына перахрысціла яго ўслед, узяла спадніцу, адзелася, выйшла ў сенцы, вярнулася з клуначкам.

І, мабыць, жаласлівы быў у яго выгляд,— суцешыла:

— Не бяры так усяго да душы, не дапускай жалю. Ты маладзенькі салдацік, табе яшчэ многа ваяваць. А з Паўлам ты не раўнуйся, ён некалі і калгасы зарганізоўваў, з палякамі ваяваў, і зараз будзе ваяваць.

Жанчына падышла да хлопчыка, паднесла да роціка далонь, каб пачуць, ці яшчэ дыхае.

Нядобрае прадчуванне варухнулася ў грудзях у Лесіна, і ўжо на двары ён не слухаў і не запамінаў назвы вёсак, да якіх трэба ісці яму і да каго заходзіць можна. Не было радасці, што дайшоў да лесу, не думалася пра хату, якую ён будзе рубіць... Гэтага не было больш, і тая дзікая шалёная сіла, ад якое ён дасюль так добра і надзейна хаваўся, захліснула, закруціла, як сляпая лютаўская мяцеліца, і ні свету, ні прасвету, ні паратунку...

 

...На світанні, у тую пару, калі ляцяць з лесу ў поле дзікія галубы, на невялічкім лесавым полі, сустрэўшыся з двума абознікамі, ён не спалохаўся, саступіў з дарогі ў высокую пшаніцу, здзіўлена глядзеў на рабога кармляка, які цяжка дыхаў у задку падводы. Лесін нават забыўся пра карабін, да таго нястрашныя і звычайныя людзі былі гэтыя два нямецкія абознікі, якія нават не звярнулі ўвагу на ягонае адзенне, на зброю, толькі маладзейшы пакруціў пальцам ля скроні, зарагатаў, штурхануў у бок напарніка, старога, з маршчыністым сялянскім тварам мужчыну, і той таксама засмяяўся, заківаў галавою, і ў яго востра захадзіў на худой шыі кадык.

— Да маткі, Іван, да маткі! — зноў выскаліўся маладзейшы, махнуў рукою.

Лесін павярнуўся і пайшоў, не бачыў, як перастаў смяяцца старэйшы, па-свойму закрычаў, каб спыніўся ён, і калі Лесін не спыніўся, дакладным, завучаным рухам ускінуў да пляча стрэльбу.

Лесін пачуў стрэл і не зразумеў, адкуль такі востры боль між лапатак, чаму хістанулася з-пад ног зямля і сіняе неба прыціснула яго да зямлі.

Ён яшчэ жыў, калі стары немец падышоў да яго, прыклаў свой стары растаптаны бот з разрэзанаю халяваю вялікаю падэшваю да маленькай падэшвы хромавага бота, вылаяўся, гідліва адштурхнуў нагу і подбегам кінуўся даганяць падводу.

І апошняй хвіліны Лесіну не хапала, каб спалохацца смерці. Толькі імгненне было дадзена на тое, каб зразумець, што хлопчык памрэ, закрычаць на ўвесь свет!.. Але цела яго толькі раз слаба варухнулася, і ён ужо не чуў, як над самым тварам дабрадушна прагуў чмель, і нібыта адчуў смерць, імкліва паляцеў прэч над зялёным пшанічным полем, якое толькі-толькі адкрасавала.

 

...Карныя атрады яшчэ не палілі вёскі разам з людзьмі.

 

1973


1973