epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Водсветы зорак

Здавалася, быў не канец жніўня, а самая позняя восень,— дажджы ішлі цэлы тыдзень, халодныя і нудныя. Дарогі раскіслі, лужыны стыла і мутнавата з кожным днём большалі і ў лагчынах сталі падобнымі на маленькія каламутныя азёрцы. Машыны не прабіваліся з шашы ў лясную вёсачку, і, баючыся, каб не застацца без хлеба, кожная гаспадыня ўносіла з каморкі і заквашвала дзяжу.

Голуб сядзеў за сталом, набіваў патроны і глядзеў за акно, дзе ўсё сеяўся і сеяўся дождж. Нявесела думалася, што адпачынак не ўдаўся, што не выйшлася нават пахадзіць уволю на паляванне, паначаваць у стагах сена, ля вогнішчаў на далёкіх лясных азёрах. Знікала апошняя надзея, што наладзіцца надвор’е і можна будзе з Лідаю хадзіць па грыбы, якіх павінна быць — хоць закладай касу; думалася, што Ліда будзе ехаць сягоння вечарам, мабыць, апранутая па-гарадскому, у туфельках і без плашча. Будзе ехаць не да яго, а да сваіх бацькоў, у вёску, што за пяць кіламетраў адсюль, таксама сярод мокрага лесу і балот. Голуб уяўляў, як Ліда будзе выходзіць, магчыма, адна на начной пустэльнай шашы, потым будзе ў цемені і па гразі ісці яшчэ тры кіламетры. Ён пачынаў злавацца на яе, што ўгаварыла ехаць на адпачынак дадому,— ён хацеў ехаць на Нарач, зняць вясковую хаціну, і яна прыехала б да яго. Яны жылі б разам, хадзілі на паляванне, па грыбы, разам, толькі ўдваіх. Голуба мучыла, што яна не зразумела ці, яшчэ горш, прыкідваецца, што не разумее яго жадання быць разам, яго змучанасці ад гэтай раздвоенасці — быць з ёю нейкія тры разы ў тыдзень, кожны раз вяртацца дадому пад раніцу, каб не бачылі суседзі. Для яго ўжо прайшла тая пара шчаслівай узрушанасці спатканняў, яму хацелася, каб яна была не проста знаёмаю жанчынаю, хацелася прыходзіць да яе кожны дзень, ісці разам раніцай на работу, знаёміць са сваімі сябрамі і называць жонкаю.

Ён і зараз уяўляў, як будзе прыходзіць да яе вечарамі, глядзець тэлевізар, будзе прытварацца кавалерам, будзе сядзець з ёю ноччу ў настылых сенцах, цалаваць яе... І потым трэба будзе ісці дадому сцяжынкаю праз балота, набрынялае ад дажджу.

Голуб сабраў набоі, напоўніў патранташ, накінуў куртку і выйшаў на двор; зняў з мапеда, які стаяў пад страхою, цырату, якою той быў накрыты ад дажджу, завёў матор, уключыў святло, з сумам падумаў, што не па такіх дарогах ездзіць на гэтай «тэхніцы» і што трэба будзе купіць бацьку матацыкл.

Змерклася. Маці недзе забавілася ў суседак, бацькі яшчэ не было з абходу. Голуб уявіў, як недзе ідзе ён па лесе, стары, высахлы, нібы згінаецца пад цяжарам мокрае брызентавае плашч-накідкі. Ён добра помніў, як захваляваўся тады бацька, калі ён сказаў, што паедзе ў горад давучвацца ў аспірантуры. Голуб ведаў, што бацьку не хочацца, каб сын кідаў работу ў лясніцтве, але ён не запярэчыў. Ён не ведаў, што сын ідзе на работу ў міністэрства, каб быць бліжэй да Ліды. Цяпер бацька, мабыць, здагадаўся, што сын зманіў яму, але не будзеш лаяцца пасля двух гадоў ростані!

У хаце за шафаю Голуб знайшоў стары рэчавы мяшок, запхнуў у яго мацерыны новыя гумавыя боты, мацерын плашч, узяў у кішэню ліхтарык.

Слабасільны мапедзік, якому ў пору бегаць толькі па асфальце, выў маторам і паволі круціў колы, якія слізгалі па дарозе з боку ў бок. Голуб адпіхаўся нагамі, каб не ўпасці; калі б не бахілы, ногі былі б ужо мокрыя. Пакуль выехаў на шашу, узмакрэў лоб, балелі ногі і рукі, быццам ён насек і выцягаў з лесу добры воз дроў. Матор перагрэўся і горача пах распаленым жалезам і маслам. Голуб лінуў на матор прыгаршчы вады з лужыны. Вада з трэскам адскочыла ад перагрэтага металу. Голуб закурыў, каб перадыхнуць самому і даць астыць матору.

Па асфальце мапед каціўся роўна і хутка.

Праз кіламетры тры Голуб спыніўся.

Дождж сціх. Было цёмна і холадна. Дзьмуў паўночны вецер. Голуб падняў каўнер і пачаў, каб сагрэцца, тупаць туды-сюды ўпоперак шашы, шорхаў адзін аб адзін бахіламі. Потым далёка за ўзгоркам засвяцілася, і Голуб здагадаўся, што ідзе аўтобус, а затым убачыў і яго, далёкага, святочнага святлом вокан, з трыма белымі сонцамі фар, якія набліжаліся, а потым зніклі ў лагчыне, і ўжо блізка, трывожным сполахам свяцілася цемень. Потым святло нечакана патухла. Праз колькі хвілін яно зноў запалілася, і аўтобус, светлы і хуткі, як шчасце, набліжаўся і, не збаўляючы ходу, пранёсся міма Голуба, пругка стукаючы маторам і несучы казытлівы пах спаленага бензіну.

Голуб, разгублены і спустошаны, пайшоў да мапеда і толькі тады заўважыў «казла», які спалохана заморгаў падфарнікам і спыніўся ля яго. У кабіне запалілася святло, пстрыкнуў замок дзверцаў — і Голуб убачыў Ліду, такую нечакана прыгожую, у кароткай спаднічцы, у туфлях-шпілечках, у ружовай спартыўнай куртачцы з блакітным каўнерыкам.

— Няўжо ты хацеў падвезці мяне на сваім кату? А які ты! — засмяялася яна сваімі прыгожымі роўнымі зубамі, і ён адчуў, які ён нехлямяжы ў заляпаных гразёю бахілах, у размоклай і пляскатай, як блінец, шапцы, з «сідарам» за плячыма побач з ёю, такою ўпэўненаю ў сваёй прывабнасці.

— Ты ж толькі за намі не ўздумай ехаць,— наказвала яна. І ён не разумеў, ці яна гаворыць сур’ёзна, ці хоча пахваліцца перад сваімі спадарожніцамі — траімі вясковымі жанчынамі,— як ён кахае яе. Ён адчуў, што яму становіцца горача і хочацца закрыць рукою прыгожы белазубы рот.

— Ладна,— толькі і знайшоўся адказаць ён і асцярожна зачыніў дзверцы.

І калі машына прапала ў начной чарнаце, ён падумаў, што недарэчна хваляваўся з-за яе, быццам калгасны аграном не можа сустрэць сваю дачку на машыне. Але было непрыемна ад яе смеху, ад яе па-царску паблажлівай забароны не ехаць за ёю, ад таго, што ёй і не прыйшло ў галаву падумаць, што прыехаў ён сюды дзеля яе.

Пад ветрам пабялеў асфальт і колы лёгка шумелі. Ад думкі, што асфальт скора кончыцца і пачнецца гразь, Голубу стала злосна, і ён з жорсткасцю гнаў мапед і па шашы, і па прасёлку, з радасцю, помсліваю і дурною, чакаў, што вось-вось не вытрымае і заклінуецца ад гарачыні маленькі кулачок поршня.

Дома ўжо не было святла. Голуб паставіў пад страху мапед, ахіліў цыратаю, выйшаў на вуліцу, доўга мыў у лужыне боты.

— Гэта ты, Павел? — запыталася са спальні маці.

— Не. А што, бацькі няма?

— Мабыць, не прыйдзе. Ён у такое надвор’е, як натоміцца, не даходзіць да дому, начуе ў Ігната. Састарэў ужэ... табе мо вячэраць даць? — клапатліва абазвалася маці.

— Не трэба. Вазьму сам.

Ён схадзіў у сенцы, прынёс з шафы талеркі з салам, гуркоў, узяў кубак, вярнуўся ў сенцы, наліў гарэлкі.

Святло праз занавеску падала на твар маці, і Голуб пстрыкнуў выключальнікам. Ён у адзіноце піў гарэлку, але сум і пачуццё нешчаслівасці не праходзілі. Не атрымалася ў яго са шчасцем, не быў ён шчаслівы гэтыя гады, і кахае ж Ліду, кахае...

Голуб уяўляў, як сядзіць бацька з Ігнатам у закінутай сярод лесу леснічоўцы з пачарнелых ад старасці бярвенняў, абодва пасівелыя, барадатыя, кураць махорку, ад якой сіне ў леснічоўцы, і калі добра вып’юць, заспяваюць сумную, даўнюю песню, а потым будуць спаць спакойна і моцна.

Успомнілася, як з любасцю гаварыла маці пра бацьку, і ўявіў, што было б, каб ён сказаў Лідзе, што вернецца назад на работу ў лясніцтва. З сумам, са шчымлівым болем ён адчуваў, што зайздросціць бацьку, што сам наўрад ці будзе шчаслівы з Лідаю.

 

Потым ён курыў, глядзеў за акно. На дварэ крыху распагодзілася, холадна блішчалі водсветы скупых далёкіх зорак. А ён усё сядзеў і курыў, і не чуў, як зноў пачаўся дождж.

 

1969


1969