Шлях мастака не ружамі, а цернем
Усланы. Так было спакон вякоў.
Нібы ў падземным царстве, у майстэрні
Пануе тагасветны супакой.
У бронзе, ў гіпсе, ў праўдзе неймавернай
З паўзмроку, з пазастаўленых куткоў
Равеснікі глядзяць, якіх не вернеш.
І светлы жаль агортвае крадком...
Але растане смутак шматпрычынны,
Калі з разцом ускінецца рука,
Каб згладзіў на чале часін маршчыны
Сівы мудрэц з вачамі юнака,
Каб ажылі у бронзе, гіпсе, гліне
Аб нашых днях сказанні у вяках!