epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Белая птушка

Цемру страсаючы, ззяе

Дзень, што да сонца заве.

Белае пер’е губляе

Белая птушка завей.

 

Неба —

бяздоннем глыбокім.

Радужны сонца залом.

Белая птушка здалёку

Белым махае крылом.

 

Быццам бы ў снежную далеч

Клёкатам кліча мяне.

З горкай усмешкай і жалем

З вуснаў зрываецца «не».

 

З месячных ніцяў саткана

Поўначы срэбная муць.

Сопак панурыя здані

Пільна мяне сцерагуць.

 

І, схамянуўшыся раптам,

Шпарка бягу да акна.

Бачу, праз шыбіны-краты

Свеціцца

кропка адна.

 

Гэта прымроіўся захад,

Родных мясцін краявід.

Даўні адкінуўшы закід,

Ім прысягаю ў любві.

 

Хмаркі не стомяцца гушкаць

Месяца срэбны чаўнок.

Сніцца мне: Белая птушка

Крыллем махае здалёк...

 

1945


1945