Белы дом. Чатыры вежы па вуглах.
З іх адна мая, але аб гэтым потым...
Тут сатрап Курлоў наводзіў страх і жах,
Тут павесіў кат студэнта на варотах.
Белы дом. Чатыры вежы па вуглах.
Ці то замак, ці палац сярэднявечча,
Ці то ўвасабленне нелюдства і зла,—
Ўсё адно — юдоль пакут нечалавечых!
Ганарымся — ёсць і ў нас свой Белы дом.
Адным словам, свет фарсісты, ведай нашых!
Толькі дом той повен роспаччу й бядой,
Духам тлену і смуродлівай парашы.
На узвышшы над Нямігаю-ракой,
Ад вачэй сцяной схаваўшы казематы,
Браў за горла лютай катаўскай рукой
Перад Богам і людзьмі невінаватых.
Люд зладзейскі тут свой тэрмін каратаў.
Тут Гарун і Колас пракліналі краты.
Што ж?! Абапал сына божага — Хрыста
На крыжах былі й разбойнікі распяты.
Госцем левай вежы доўга быў і я,
Біўся галавой аб сценкі адзіночкі;
У мяшку каменным я стаўма стаяў,
Ачмурэлы, біты, блытаў дні і ночы...
Па сакрэту: ў тыя страшныя часы
Мелася ў турме шыкоўная катоўня:
Дываны глушылі енкі-галасы,
Коркавыя сцены праглыналі стогны...
З камеры смяротнай тут паэт Дзяркач
Памахаў рукою нам перад расстрэлам;
Тут, дзе боль, пакуты і надрыўны плач,
Толькі еднасць духу сэрцы нашы грэла.
Быў і глух і нем, засеўшы у Крамлі,
Той разбойнай хеўры атаман вусаты,
Калі цвет і гонар змучанай зямлі,
Павязаўшы дротам, везлі ў Курапаты.
Ён стаіць і сёння як часін праклён,
Дом пакут пякельных, дом разбітых сэрцаў!
А ці не пара яму на злом ці скон,
Ці перайменавацца у Музей —
Дом Смерці?!
1993