Нібы ў трыкутнік гібельны загнаны,
Я ў тры няўдачы трапіў заразом,
Згубіўшы ўраз і Веру і Каханне,
А заадно й Надзей абжыты дом.
Ды ўсё ж ажыў падстрэлены падранак,
Усіх траіх пранёсшы пад крылом,
Каб зноў ступіць на чарадзейны ганак,
Каб сок бяроз гаючы піць нагбом.
І Веры сіла ўстала дзівасілам,
І крылы павыросталі ў Надзей,
Адно Каханне недзе заблудзіла,
Што расцвіло шыпшынай кагадзе...
Пільнуйся сцежкі той пад небасхілам,
Што ў Бермудскі трыкутнік не звядзе!