epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Без крылаў песні не ўзляцець высока..."

Есть за плечами песнидва крыла...

 

М. Дудзін

Без крылаў песні не ўзляцець высока.

Рупліва ёй збіраць зярняткі слоў

На глебе той, што ад гнязда два крокі,

Дзе перлы ісцін пылам занясло.

Бяскрылай песняй іскры не запаліш,

Што палкай думкай сэрца апячэ,

Што шугане ў задымленыя далі,

Што чысцінёй крынічкі працячэ.

Няхай душу нянавісць не спустошыць.

Пакуль жыве ў грудзях твая любоў,

Хай лёгкай стане зноў цяжкая ноша —

Гарачы сплаў пявучых звонкіх слоў.

Ты кажаш: шмат вулканаў не адкрыта

Пад важкім спудам цвёрдае кары,

Яшчэ зямля пажарамі спавіта

І дым смуродны сцелецца ўгары...

Што ж? Час вялікіх змен на строме веку

Не толькі ружы шчасця дорыць нам,

Ёсць горкасць страт, што не загояць лекі,

Хавае памяць іх глыбокі шрам...

Тваё ж аблічча хай гады не стараць,

Няхай не гасне ў зрэнках ясната,

Пакуль жыве ў радках жывая мара

І думкі трапяткая прастата.

Вер часу: глупства мудрых не скасіла,

Са сцежкі яснай зайздрасць не звяла...

Ёсць таленту збавіцельная сіла,

«Есть за плечами песни два крыла!».

1971


1971