Блакіт, блакіт! Дар непаўторны неба!
Хмурынак белы статак — знак даброт.
Пашлі касцам, аратым, творцам хлеба,
У працы спор цяплом сваіх яснот!
Сагрэй, сагрэй сваім дыханнем глебу
Айчынных роўніц, даляў і шырот,
Пашлі нашчадкам прыпяцкіх дулебаў
Янтарных злакаў буйны намалот!
Лі хараство, блакітны дах Айчыны,
Адлюстраваны ў безлічы азёр,
На моры лёну, стужкі ручаінак,
Над збажыной залочаны прастор!..
Мільгні і мне празрыстай бірузой
У зрэнках воч любімае жанчыны!