Ад квартала да квартала,
Ад кватэры да кватэры,
Не пастукаўшы ні разу,
Не крануўшы за званок,—
Нібы госць доўгачаканы,
Перад кім наросхрыст дзверы,
Ціха-ціха уваходзіць
К нам блакітны аганёк.
І прыветная усмешка
Асвятляе твар жанчыны,
Нібы ў будучыню зроблен
Мнагавёрстны новы крок...
Доўга-доўга дабіраўся
Ён з далёкіх далячыняў,
Непрыкметны і няяркі
Той блакітны аганёк...
Качагар змахнуў рукою
Пот салёны, пот гарачы,
Сыпануў на развітанне
Ў топку шуфлем вугалёк:
— Вось і ўсё. Ставай на змену
Назаўсёды, не іначай,
Грэй катлы, давай ім жару,
Наш блакітны аганёк!
І прадымлены апальшчык
Прычыніў кацельні нетры:
— Раставай у небе чыстым,
Курны ўедлівы дымок!
Дыхай, друг зялёнакрылы,
Не атручаным паветрам,
Што прынёс у падарунак
Нам блакітны аганёк!
I няўцям занятым людзям —
Людзям працы, людзям справы,
Азірнуцца хоць на момант,
Прыгадаць хаця б здалёк,
Як ішоў праз пушчы, стэпы
З прыкарпацкае Дашавы
Да сталіцы беларускай
Той блакітны аганёк.
Дзьмулі з поўдня сухавеі,
Дзьмулі з поўначы завеі,
Асляпляла вочы спёка,
Парушыла сцюжа зрок.
Людзі моцнае пароды
Клалі трубы у траншэі,
Каб хутчэй дайшоў да мэты
Наш блакітны аганёк.
Нагіналі шыі краны,
Цягачы раўлі сярдзіта,
Вязлі ногі у балоце,
На зубах скрыпеў пясок.
Кіламетр за кіламетрам,
Мужнай працаю здабыты,
Набліжаў да перамогі
Нас блакітны аганёк...
І калі згасала лета,
Шапацела восень блізка,
З пазалочаных бярозак
За лістом злятаў лісток,
Далакопы і прарабы
Падышлі да ўскраін Мінска,
І ў вачах іх засвяціўся
Наш блакітны аганёк...
1960
Разышліся навекі,
Адзін аднаго ж не забылі,
Белым голубам смутак лятае між
намі...
Юльюш Славацкі
Гэта ўсё прамінула... Блакітнае плацце
І блакітных вачэй позірк ціхі і строгі...
Гэта ўсё называлася некалі шчасцем
Ці пачаткам вялікай сумеснай дарогі...
Летні сад над Нявою, агні над Фантанкаіі,
Медны коннік на глыбе, залочаны шпіль...
Мы з табою на тым разышліся паўстанку,
Дзе прадрок навальніцу бязветраны штыль.
І грымела яна, і высмальвала вочы,
Бліскавіцамі гневу штурхала ў баі,
Каб ізноў над Нявой серабрыстыя ночы
Ціхамірна праводзілі нас абаіх...
Толькі час пралятае на крылах эпохі,
І другія прыходзяць сюды замест нас,
І над морам гуляюць далёка спалохі,
Зірк арліны пільнуе наш сон і наш час.
Захавай жа яго, палінялае плацце,
Афарбоўкі юнацтва блакітны узор...
Калі будзеш хаця б выпадкова на Лахце,
Ўспомні белых начэй падвянечны убор!
Хай ў сэрцах жыве успамін незабыўны,
Непаўторнага шчасця пара залатая,
Што на захадзе год нечаканым і дзіўным
Белым голубам смутку між нас пралятае...
1960