Анямелі празрыстыя горныя рэкі
У крыштальных кальчугах лядовай шугі.
Журавоў адляцеўшых далёкае рэха
Праглынулі даўно маладыя снягі.
Змоўк бульдозераў ляск па раскопаных поймах,
Драгі нема застылі ў метровым ільду.
Уступае ў правы запалярная поўнач,
Зграі белых завеяў за ёю ідуць.
А жыццё не змаўкае. Ідуць рудакопы
На чарговую змену, на шахты, туды,
Дзе капры падымаюць над жэрламі сопак
Сотні, тысячы тон дарагое руды.
Там на ўсіх гарызонтах у штрэках і лавах
Людзі злую прыроду за горла ўзялі.
І здабытая працай гарняцкая слава
З кожнай клеццю ляціць на паверхню зямлі.
Ў неба высяцца конусы цёмных адвалаў,
Стрэлы стромяць увысь буравыя станкі.
Гэта мы на пачэсную вахту усталі —
Інжынеры, геолагі і гарнякі.
І кладуцца наўсцяж мнагавёрстыя трасы
Паміж сопак крутых, паміж горных крыніц.
Колькі ўкладзена тут чалавечае працы,
Каб узняць над тайгою агні камяніц!
І яны падымаюцца ў сівернай стыні,
Працінаюць туман электрычным святлом.
Гэта ў наступ найшлі на мярзлотаў цвярдыні
Нашых рук мазалі, аманіт і кайло!
Чуеш? Ахнуў за сопкай далёкаю выбух,
Пракаціўся магутнага пошчаку гром,
І грамады пароды становяцца дыба,
З неба сыплюцца доўга каменным дажджом.
І кідаецца прэч з перапуду сахаты,
І пясец мітусіцца, пачуўшы той гул,
І ўцякае ў гушчар бурундук зухаваты,
І згінаецца сланік зялёны ў дугу.
Так. Суровая памяць не можа не помніць
Пра Галімы, Хету, Валькумей і Певек,
Пра гады, як у наступ на белую Поўнач
Наш, савецкі, ішоў чалавек!
1954