Дыханне мора. Выдмы. Сосны. Раніца.
Нібыта фарбы ўсе мастак змяшаў:
І ў надвячорку памяці Дом Райніса,
І дзень, які забыць хацеў спярша.
Як мог аб позірк твой я так параніцца,
Каб захапленне, безразважнасць, шал
Так расцвілі ясноткаю барвяністай,
Што і дагэтуль курчыцца душа?!
Няхай. Быць можа, гэта й ёсць найлепшае,
Што падарыў той ранак нам калісь?!
Растопіць памяць, нібы снег той леташні
Часцінкі шчасця, што даўно сплылі...
А ўсё зіхціць крышталінкаю першаю
Той момант светлы, што не ўбераглі.