На руінах разбураных келляў,
Там, дзе зеўраюць з трэшчын вякі,
Я спускаўся ў твае падзямеллі,
І спалохана ў пальцах трымцелі
Свечак доўгія языкі...
Пачарнелыя глыбы скляпенняў,
Лабірынты бясконцых хадоў
Праглыналі дрыготкія цені...
Быў, як мудрасці сімвал нятленны
Сцёрты надпіс далёкіх гадоў.
Сустракалі няветліва госця,
Не ўставалі з сатлелых грабніц
Мудрых продкаў пажоўклыя косці...
А жылі ж, пракліналі кагосьці,
Перш чым пасці закутымі ніц.
Пахла воскам у прыцемку сінім.
І здавалася, з дна тайнікоў
Свецяць вочы Вялікай Княгіні...
Гэта здань твая, Ефрасіння,
Мільганула з глыбінь вякоў!
1927