Дагніі Зігмантэ
Быць можа, даўні вікінг з хмурага фіёрда
Калісьці на шчыце імя тваё данёс
Да берагоў Даўгавы мілае, дзе горды
І працавіты люд куе свой шчасны лёс.
Але ва ўсім — у слоў гучанні, ў зроку цвёрдым,
У зграбным руху рук, у золаце валос
Мне бачыцца, як родны край рукою шчодрай
Свой лепшы дар красы табе ў пасаг прынёс.
Валодай ім, дачка шчаслівага народа,
Ясноты дзён наступных не заслоніць цень
Навекі адгрымеўшай буры-непагоды...
Лье будучыні сонца свой жывы струмень,
І на зямлі бацькоў, дзе зарунелі ўсходы,
Як маладосць твая, квітнее новы дзень!
1 Дагнія — па-нарвежску «новы дзень».