Доўга быў прытулкам мне падвал,
Пратаміў маленства я ў падвале...
Бачыў сонца ў год я раз ці два,—
Як яно на сценцы трапятала!..
І жывуць у памяці гады,
Змрок падвальны, сцен сырая плесень...
Рос хлапчук змарнелы і худы,
Хоць душа жадала сонца й песень...
Так дзяды і так бацькі жылі...
Так было... Ды болей так не будзе,
Бо на пераворанай зямлі
Час не той, зусім не тыя людзі...
Вось ён, светлай раніцы узор,
На высокім даху залаціцца,
І гудкі, што будзяць даль-прастор,
Рэхам адгукаюцца ў граніце!..
Чую, бачу: новых дзён разгон
Скрышыць, знішчыць цёмнае былое,
І з паўзмроку ўстаўшы, маладзён
Зловіць шчасця сонца залатое!