Яна — апора духу і рукам,
Яна — глыток вады ад горкай смагі.
Ёй не да твару слоў бліскучых хлам,
Дзе заклінанні, клятвы і прысягі.
Глыбокай раны загаіўшы шрам,
Яе здабылі мы цаной адвагі,
Дзе хлеб і соль дзялілі папалам,
Дзе начавалі пад адной сярмягай.
На полі ратным я яе спаткаў,
Аглушаны грымот вялікім гулам,
Ад краю бездані на паўвяршка.
Як пробліск дня у цемнаце кутка,
Мяне суровай ласкаю кранула
Яе шурпатая і мужная рука.
1956