Было й такое. Чорны след няславы,
Які здалёк па почырку відзён,
Засведчыў час крывавае расправы
Над лепшымі сынамі нашых дзён.
Было й такое: драму Курапатаў
Спісаць хацелі на чужынскі рэйх,
Каб на чужых віну ускласці катаў
І тым прыкрыць свой сатанінскі грэх.
Цяпер, калі ўсе поскудзі раскрыты,
Калі вяршыць гісторыя свой суд,
Відаць, як рэшткі зрынутай эліты
Ссякаюць пад сабой ратунку сук...
І смех, і грэх, якім няма паўтору:
Хачу іду на суд, хачу — не йду!
Мяне ж сілком запхнулі ў «чорны воран»,
І не спытаў ніхто «хаў ду ю ду?».
Затое так давалі ў хвост і ў грыву,
Што ў адзіночку мехам валаклі...
(Пракляты лёс грымасы строіць крыва,
Хоць ты ганьбуй яго, хоць ты хвалі!)
Відаць, закон што дышаль, і павінен
Яго трымацца кожны, ды не я...
А зрэшты, гэта ўсё ў чужой краіне
І хата з краю, хоць і не мая!
1991