Каторы раз, каторы раз
Я гэты дзень пяю,
Як нараджэння светлы час,
Як маладосць маю!
Каторы раз, каторы раз,
Суняўшы сэрца бой,
Я паўтараю дзіва-сказ,
Падказаны табой!
І, заварожаны красой,
Дзіўлюся сам не свой,
Як ты хусцінкай снегавой
Прыкрыла твар і строй,
Як раскаціў туман сувой
Па руні маладой,
Як пурпуровай мітульгой
Кіпіць сцягоў прыбой,
Як роўна дыхаеш, зямля,
Аддаўшы ўсё спаўна
За нот, за рукі ў мазалях,
За працу дацямна!
І чую я: гудзе здаля
Басовая струна —
Святочны голас узняла
Людская гамана...
Каторы раз, каторы раз
Нясу я песень дар
У гонар твой, рабочы клас,
І твой — зямлі ўладар!
І тым, хто ўзняў высока нас
Да серабрыстых хмар,
Тым, хто пранёс праз бурны час
Агнёвых сэрцаў жар!
Хвала табе, братоў хаўрус,
Што не разліць вадой,
Што злучаны ў адзін саюз
Дзяржаўнаю рукой!
Гадоў пражытых цяжкі груз
Ты з гонарам пранёс,
Змяшаўшы тых у прах і друз,
Хто нёс нам рабства лёс!
Закон сяброўства, век жыві,
Свой круг шырокі множ!
Хай высахнуць сляды крыві,
Забойца кіне нож!
Цану сяброўству і любві,
Праверыўшы ў агні,
Мы клічам: прэч, крывавы вір,
Прэч, чорны цень вайны!
След рэвалюцыі на ўсім,
Жывы, гарачы след,
І там, дзе войны сцелюць дым,
І дзе праз мора бед
Ідуць народы шляхам тым,
Што наш народ праклаў.
О свет стары, дрыжыць пад ім,
Гарыць пад ім зямля!
Гудзе хай восень на дудзе,
Шумяць дажджы ў двары,—
Услаўце, людзі, гэты дзень
Кастрычніцкай пары!
Услаўце, людзі, гэты дзень,
Бо час, абмыты ім,
На цэлы век памаладзеў
У поступе сваім!
Каторы раз, каторы раз
Душа мая пяе,
Калі ў перадсвітальны час
Зямля ад сну ўстае,
Калі аркестраў гром ураз
Над плошчамі плыве...
Хай гэты дзень і гэты час
Над вечнасцю жыве!
1972