Я спяшаўся. Я бег. Я, стамлёны знямогаю,
Піў нагбом са студзёных крынічак ваду.
Дзень, задушаны цемрай, знікаў за атрогамі
Перш, чым выгнаць на пашу зарніц чараду,
Перш, чым я перакатамі, кручай, разлогамі
Да цябе аднае сваю сцежку знайду...
Я спяшаўся. А зоры ўставалі над кручамі,
Мая сцежка лягла над абрывамі скал...
Я зірнуў табе ў вочы, няведаннем змучаны,
Не знайшоўшы таго, што так прагна шукаў.
І тры дні і тры ночы сабакам прыручаным
Не збягала за мною туга з ланцужка...
1948