Ёй не да смаку ні санет, ні ода,
Не па нутру й расхлістаны верлібр:
От, каб усе ў адну дуду гулі б,
Была б якая на Парнасе згода!
Такая ўжо крытычная урода —
Не патрапляць ні ў корань і ні ўглыб,
Між строф чужых, як між каменных глыб,
Шукаць расколін, водмеляў і бродаў.
Тым, хто ўхапіў крытычнае жазло,
Пярэчыць я, вядома, не бяруся,
Хай драбнадум’я пыл сабе цярусяць...
А ўсё ж скажу я, што б там ні было:
Уцям, бабуся — мілая ягуся,—
Не ступа — верш, пяро — не памяло!
1979