Землі радзімы, балотная гаць,
На раздарожжы бярозы стаяць.
Золак пунсовы заліў небакрай,
Ранне страчае абноўлены край.
Выйду на ціхі зялёны прастор
І пакланюся вясне залатой.
Тут маё сэрца з табою, зямля!
Тут пачынаю далёкі свой шлях.
Смела ступаю хадой маладой,
Радасна йсці нам з табой, за табой!
Песняй сваёю ты нас акрыліў,
Юных сыноў беларускай зямлі.
Нёс ты яе скрозь навалы і стынь,
Ў сэрцы ж гарачым запал не астыў.
Бор там узняўся, дзе быў буралом,—
Слова тваё сярод нас ажыло.
Мы пранясём яго ў сэрцы людзей,
Творцаў вялікіх падзей і надзей.
Тых, што збудуюць вялікі палац,
Там, дзе старыя бярозы стаяць!
1926