Хотеть — это дело тел,
А мы друг для друга души...
Марына Цвятаева
Хачу, жадаю, прагну, мру — імкнуся
У двуадзінстве — целам і душой —
К табе, зямля і неба Беларусі,
Усёй сваёй істотаю жывой.
У час бядот ці ў палкі час спакусы
Ці змучаны дарожнаю жарствой,
Я да цяпла грудзей тваіх тулюся
Усёю непадзельнасцю сваёй.
Калі ж Яна — узнёсласці арліца —
Зачэпіць сэрца трапяткім крылом,—
З табой душой і целам прагну зліцца
У плынь адну, дзе двое п’юць нагбом
З невычарпальна-светлае крыніцы,
Якую шчасцем еднасці завём!