epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мелодыя вясны

Шуміць вясна

па сініх пералесках,

Збягае снег

слязою ў раўчукі,

Глядзяць вачмі блакітнымі

пралескі

На белы свет,

жывы і трапяткі.

Шматлікіх рэчак

буйнае разводдзе

Па ўсёй краіне

радасна гудзе.

Ён устае

ў празрыстай прахалодзе,

Вясны і міру,

працы й дружбы

дзень.

Нібы мастак,

на палатно абшараў

Кладзе вясна

зялёныя мазкі,

У прадчуванні

летняга цяжару

Набраклі сонцам

голых дрэў саскі.

Бароны гладзяць

ворыва маршчыны,

Клубіцца пара

ад пластоў зямных...

Ва ўсім,

ва ўсім:

і ў клёкаце арліным,

І ў шэпце

закаханае дзяўчыны,

І ў бесталачным

галасе грачыным,—

Гучыць, грыміць

мелодыя вясны!

Яе нясе на крыллях

ветрык спрытны,

Яна —

ў таемным шолаху ўначы,

Яна гучыць

у працы мерным рытме

Будаўнікоў,

ратаяў

і ткачых.

Яна вядзе

з вясёлым ракатаннем

На ладныя

калгасныя двары

Ва ўласнасць рук

гаспадароў старанных

Рабочых рук

шматсільныя дары.

Яна плыты зганяе

па Бярозе,

Па Прыпяці,

па Сожы,

па Дняпры,

Яна вядзе

па сонечнай дарозе

Да летніх дзён

гарачае пары.

Яна вядзе

на вуліцы і плошчы,

Дзе светлы горад

высіцца ўгару,

Дзе майскі дзень

палотнішчы палошча

Пад гук мядзяны

басавітых труб.

Хай дзесьці

точаць зубы

нелюдзімы

На мірны свет

пагрозаю вайны.

Дарма!

Над светлай галавой Радзімы

Гучыць,

грыміць

мелодыя вясны!

1959


1959