epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Міраж

Ты мне не вер, хоць я не ашуканец,—

Я і дагэтуль веру ў міражы,

Дзе ні канца, ні краю, ні мяжы,

Дзе на шчацэ зямлі — ружовы глянец.

 

Ты вер у верш. У ім душа не зманіць,

Хоць і шыбуе крута ў віражы,

Пакуль яе крытычныя мужы

Не скуляць з тых паветраных лунанняў.

 

Няхай былое — сон, гульня вясёлак,

Ды толькі бачу ў тым ружовым сне,

Як пралятае бліскавічны сколак,

 

Што ты аднойчы падарыла мне...

Звяжу праявы тыя ў сотню столак,

Што так нядбала раскідаў раней.