На палубе вецер гуляе у змроку,
Стаяць нерухома матросы,
Наскакваюць хвалі, няспынны іх рокат
Ўздымае бурштынавы россып.
Я гэтую музыку слухаю доўга
Пад пеністы шум парахода,
Навокал хвалюецца гордая Волга,
І бераг губляецца воддаль...
І коцяцца хвалі, і пеняцца хвалі,
І думкі — без ценю трывогі...
У цемры матрос ціха песню спявае
Пра Сценьку, князёўну, пра Волгу...
А бераг находзіць агромністай глыбай,
Таемным і чорным адхонам,
І водгуллем дальнім даносяцца нібы
Бурлацкія песні і стогны...
То здані былога.
Казань і Ульянаўск,
Як сведкі падзей паваротных:
Тут просты з смяротных Валодзя Ульянаў
Свой шлях пачынаў бессмяротны...
О, грозная веліч! З грудзей тваіх чую
Дыханне эпохі гарачай!..
Здаецца,
Не хвалі так смела бушуюць,
А львы белагрывыя скачуць...
А кіль рассякае кіпучую пену,
А вецер мацнее ў віхуру,
І ў цемры шалёна галосіць сірэна...
...Збіраецца бура...
1929