Калі табе зацесна на зямлі,
Дзе небасхіл падперлі гмахі лбамі,
Ідзі ў тайгу, дзе маразы на БАМе
Ірвуць лістоўніц бронзавых камлі;
Дзе нават сопкі капыты ўзнялі,
Працятыя бурамі-вухналямі,
Калі бліснуў, нібы вядзьмар вачамі,
Алмазнай зрэнкай мёртвы кімберліт...
З чым параўнаць вас, пошукаў надзеі,
Маланкавыя выбліскі удач,
Калі раптоўна ўладай чарадзея
Аслепіць зрок шукальнік-барадач?!
Шыбуй у гушчу дзеяў і падзеяў,
Калі журбы завухкае пугач!