Нямала дзён з жыцця Айчыны
Чырвонай лічбай значыць час,
Але адзін —
першапрычына,
Што надзяліла крыллем нас.
Ён быў авеян лістападам,
Калі, зламаўшы ход падзей,
Устаў над дымным Петраградам,
Як новай эры першы дзень.
З яго пачаў летазлічэнне
Народ,
старое сцёршы ў прах,
Калі дэкрэтам першым Ленін
Адкрыў да будучыні шлях.
І хоць грымелі навальніцы
І дым баёў сляпіў нам зрок,
Мы не маглі з дарогі збіцца
Ці адступіць хаця б на крок.
Бо нам заўсёды ў твар свяціла
Святло ідэй з вяршынь крутых:
Мы зналі веліч нашай сілы
І сілу нашай праваты.
Той сілай зрушана планета,
Яе крывёю не заліць,
Яна ўзняла народы свету
У бой за шчасце на зямлі.
Ты чуў,
як адстаяла Куба
Свабоду быць самой сабой,
Як негр з племені балуба
З кап’ём ідзе ў астатні бой;
Як на сухіх пясках Анголы
Дыміцца кроў яе сыноў,
Як узняліся ў бой за волю
Народы ўсіх мацерыкоў!
Нямала год прайшло з той даты,
Адкуль павёў наш час свой лік,
Але Кастрычніка раскаты
Гучаць, грымяць па ўсёй зямлі!
1959