epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ноч каля кастра

Расталі праменні заходу,

І ноч апусціла свой полаг,

Сатканы з бясконцых сузор’яў

Таемнай рукою быцця.

Нястомны рамантык-бадзяга,

Мой друг летуценнік-геолаг

Бяседу вядзе, а навокал

Ядлоўцу кусты шалясцяць.

 

Далёкім няясным абрысам

На захадзе высяцца сопкі,

Над імі халодныя зоры

Праходзяць адвечны свой шлях.

Мы ловім крылатыя словы,

А там, над лагчынаю топкай,

Разбуджаны зверам прыблудным,

Лятае спалоханы птах.

 

Бывалы разведчык-шукальнік,

Ён ведаў цану вандраванняў,

Высокую радасць знаходак,

Тайгі неабдымны прастор;

Гаворыць — і з пены туманаў,

Як цені забытых паданняў,

Выходзяць адважныя людзі —

Героі цяснінаў і гор...

 

У кожным абломку пароды

Чытаў ён разгадкі прыроды,

Капаўся ў размывах далінных,

Браў пробы ў праселінах скал;

Збіраў залатыя пясчынкі,

Багаццяў шукаў для народа,

Спускаўся ў глыбокія шахты,

Дзе ў кварцы пабліскваў метал.

 

І вось перад намі ўставалі

Заместа пустэльных ускраін

У бляску агнёў электрычных,

У дзіўнай красе гарады,

І беглі па нашым далёкім,

Калісьці закінутым краі

З Масквы на далёкую Поўнач

Імклівай хадой паязды.

 

Мы бачылі лініі вуліц,

Дамы, і тэатры, і школы;

Адолеўшы клімат суровы,

Квітнелі густыя сады,

І людзі адважнага роду

Выходзілі з шахт і са штолен,

У скарбніцу маці-радзімы

Прыносілі працы плады.

 

І там, дзе па водмелях рэчак

Блукаў адзінокі старацель,

Шукаў выпадковага шчасця,

Няўдачы свае клянучы,

У новым, залітым агнямі,

Прасторным шахцёрскім палацы

З хлапцамі гарняцкаю славай

Дзяліліся барадачы...

 

...Срабрыстай істужкай на ўсходзе

Світанне нясмела ўставала,

Дыханне кароткага лета

Кранала сваім халадком...

Мы ведалі, кожны па-свойму,

Што свет наш збудован трывала,

Што шляхам, хаця і нялёгкім,

Мы цвёрда да шчасця ідзём.

 

Быць можа, наіўныя ў марах,

Спляталі мы ў некалькі столак

Прыгожую выдумку казкі

З суроваю праўдай жыцця?!

Няхай сабе! Мару, якую

Раскрыў нам рамантык-геолаг,

Не мы, дык другія такія ж

За нас давядуць да канца!

 

1947


1947