Льецца цьмянае святло
Ў шыбку слюдзяную.
Свет снягамі замяло,
Сцюжай ахінула...
Вунь самотны маладзік
На марозе стыне,
Год стары, падвёўшы лік,
Растае ў пустыні.
Промнік да акна прымёрз,
Мо згубіў дарогу?..
Многа тысяч доўгіх вёрст
Да твайго парогу.
Не дайсці... Туман густы,
Пад снягамі сопкі.
Поўнач. Ціша. Ноч. І стынь.
І былому — кропка!
Не, не згодзен! Новы год,
Маладыя крокі
Ты скіруй з маіх шырот
Да яе далёкай...
Да тае, што сіні лёд
Запалярнай ночы
Прабівае навылёт
Позіркам жаночым,
Да тае, што цеплынёй
Ласкавага сэрца
Сагрэе закутак мой
Стылы ў паняверцы...
Што сумненняў снег і лёд
Растапляе верай,
Што надзей высокі ўзлёт
Шле замест хімеры...
Веру ў закліка твайго
Незямную сілу,
У блакітавы агонь
Тваіх зрэнак мілых...
Веру ў знак былых прыкмет,
Мілая сяброўка...
Да цябе ён значыць след
Месячнай падкоўкай...
Толькі ты мяне чакай
З доўгіх падарожжаў,
Я прыйду ў твой светлы край,
Стану на парозе.
Рукі ў рукі, што было,
Праплыло паводкай!..
Мары светлае вясло,
Шчасных дум чародкі
Хай плывуць праз рэштку год
Па ружовай плыні,
Хай растопяць стынь і лёд
Горкае часіны!..
1945