Яшчэ не снег — пароша толькі
Яшчэ далёка да каляд,
А твар кусае вецер золкі,
І лёдам скута каляя.
Адбітак колаў між калдобін
Змяёй паўзучаю пралёг,
І дрэвы ў срэбранай аздобе —
Нібы завей сівых пралог.
Так міла ўсё: і адзінота,
І гэта царства цішыні,
І шэпт засохлага чарота,
І пад лядком усплёск крыніц,
І прэлы ліст асіны горкай,
Ледзь прыцярушаны сняжком,
І след вяртлявае вавёркі,
І апусцелы дзятлаў дом...
Іду, мінаючы прысады,
Між дрэў бязлістых і нямых.
Бярозак белых каланада
Вядзе ў чароўны храм зімы.
Вядзе у свет забытай казкі,
У свет прыгод, дзівос, падзей,
Дзе ходзіць борам без апаскі
Даўно забыты Берандзей...
О свет наіўных уяўленняў,
О рамантычны дзіўны свет!
Лаўлю ўспамін, нібы аленні
Па першазімку лёгкі след.
І не дзіўлюся аніколькі
Прыкметам блізкай даўніны,
Калі убачу ў шэрым золку
Аблічча роднай стараны.
Калі ў застылых каляінах,
У грудах руннае раллі
Убачу мілыя маршчыны
Маёй карміцелькі-зямлі.
Калі ў вачах маёй Айчыны
Убачу водсвет дабраты,
Душой спасцігнуўшы прычыны
Яе высокай прастаты.
Калі ў прасторы безбярэжным
Убачу, паланёны сам,
Як свеціцца ў кароне снежнай
Яе нятленная краса!