Ну вось і скончан доўгі паядынак.
Вятроў гамонка сціхла. Лес у сне.
Скупое сонца ў безлічы іскрынак
Адлюстраваў сцюдзёны першы снег.
Як дабяла адмытая бялізна,
Лягла на дол сняжынак белізна.
І сонца шар халодны і вялізны
Зямлі нямой нібыта не пазнаў.
Стаю адзін, як слуп на скрыжаванні.
Скрозь белы сон
лаўлю нясмелы гук
І множу слодыч радасных спатканняў
На гаркату няпрошаных разлук.
Хто пераможа? Як забыты здымак,
Уваскрашае памяць гэткі ж дзень:
І цішыню, і снег, і першазімак,
І на ружовым снезе сіні цень...
І ў сэрцы рэха той адной хвіліны,
Што белым крыллем высака ўзнялі
Пірамідальных елак верхавіны,
Узвышшы заварожанай зямлі...
І ўсё, ў чым бачыў змест,
і сэнс, і сутнасць,
Чым так юнацтва ўмела даражыць,
Я перажыў, як і тваю адсутнасць,
І як сваё падзенне перажыў...
І за гады, што слухаў крокаў гукі,
Што рэха іх лавіў сто раз на дню,—
Я навучыўся быць глухім да стуку,
Я навучыўся слухаць цішыню.
Вось і цяпер я немасці ў абдымкі
Душу і памяць сэрца аддаю,
Няхай сабе па чыстым першазімку
Кладуць сцяжынку роўную сваю.
1970