О сіла часу! Хоць бы на хвіліну
Змог чалавек хаду тваю стрымаць,
І вечна юнай далечы вяршыні
Адкрыла б ты яму тады сама...
Калі б... І ўсё ж скрозь тлум жыцця
зямнога
Ці раз прарвуцца даўніх пор вятры,
І хоць на міг саступіць час дарогу
Далёкай яве сонечнай пары.
Тады ўспамін бярэ кірунак просты
Ў свет, дзе ўладарка — маладосць сама,
Дзе ёсць цяпло сапраўднага сяброўства,
Дзе месца чорнай зайздрасці няма;
Дзе памяць сэрца светлым адвячоркам
Заслону год пражытых расхіне,—
І ты глядзіш з крутой Сафійскай горкі
На рух плытоў па ўзбуджанай Дзвіне...
Якія воку бачыліся далі,
Святло надзей праз шэры вэлюм хмар,
Дзе ёсць усмешка светлая Купалы
І задуменны коласаўскі твар!..
Дзе ёсць на грам удачы пуд няўдачы
І першы хлеб, зароблены радком,
Навекі сэрцу мілыя Ушачы,
І ласка маці, і бацькоўскі дом...
...Плыты сплылі. Абрыўкі ж летуценняў
Праз пылу залацістага налёт
Праступяць часам хараством нятленным
Растопяць крохкі марнаслоўя лёд,
Каб зноў плыла паэзіі паводка,
Дзе бліскаўка сапраўднага радка
Была найдаражэйшаю знаходкай
У трапяткіх ад радасці руках...
О часу ўлада! Усё ў цябе так проста,
А паспрабуй твой лад пераінач!
Вось ты сыходзіш з Бруклінскага моста
Былым хлапцом аднекуль з-пад Ушач.
Чужыя ветры кратаюць нясмела
Срабрысты пыл няшчаднай сівізны.
Ён мроіць: пахне вечар пахам спелым
Наддзвінскай той духмянай збажыны.
Ён мроіць: звоняць чыстыя крынічкі,
Гамоняць дзівы-дзіўныя бары,
падаюць на дно азёраў знічкі,
Як жнівеньскае поўначы дары...
Там родны дом, усё, што сэрцу міла,
Там цёплы подых росных берагоў...
І льецца ў песню голас мужнай сілы
Пад сінь нябёс айчыны дарагой...
О песня сэрца! Ўсюды і заўсёды
Яна, як лёс, як неба ў светлы дзень,
Яна сяброўка ў горкі час нягоды,
У пору страт цяжкіх, у дні надзей...
Яна, як сонца першы бляск над светам
Як першае любові пачуццё...
...Якое ўсё ж ткі шчасце быць паэтам,
Навекі закаханым у жыццё!
1965