Сасмаглы, п’ю настой сакавіковы,
Наброджаны на хмелю завірух,
І, як пупышкі, лопаюцца словы,
Адчуўшы ўсемагутны сокаў рух.
І адчуваю, як грудную клетку
Ужо не цісне водгук даўніх скрух,
І толькі тлее згадак прысак едкі,
Што пад трухой былога не патух.
Дык вей, гаючы подых сакавіцкі,
Разварушы грымучы крыгаход
І прадчуваннем майскай бліскавіцы
Вітай часін абноўлены прыход,
Каб, ненасытны, ўдосталь надзівіцца
Красой зямной я мог на схіле год!