У світцы шэрай крочыць Лістапад...
Хоць і даўно ні лісціка на голлі,
А востра пахне яблыкамі сад
І збажыной прытомленае поле.
Зямля мая! Асенні далягляд —
Туманаў пена ў неба у прыполе,
Міраж дарог, задумны шэпт прысад
I жаўталісце бронзавае доле...
Цябе вачыма абягу угрунь,
Суздром здзіўленнем шчасным анямелы:
Дажджы вось толькі глуха прашумелі
І праступіла ізумрудам рунь...
Здаецца, тонкі колер акварэлі
Паклаў мастак на палатняны грунт.
Якая веліч! Праз імжысты дым
Акрэсліць можа зрок абрысы даляў.
Напружанняў высокіх правады
Гудуць, як басавітыя цымбалы.
А пад скупым праменнем гарады
Высвечваюць высотныя кварталы,
І галасы жыцця на ўсе лады
Гучаць на доўгай і кароткай хвалі.
Я пазнаю, Радзіма, голас твой,
А ў ім высокай ноты урачыстасць,
А ў ім узлёт памераў самых чыстых
У спалучэнні з яснай прастатой!
Высокі подзвіг твой, як сказ вячысты,
Увойдзе ў строй легендаю жывой!
Суровы век паклаў, хоць не знарок,
Маршчынкі часу на тваім абліччы,
А ўжо расце твой малады народ,
Той, што на подзвіг новы мужных кліча;
Той, што ў нязнаны свет кіруе зрок
Праз частаколы формул таямнічых,
Той, што праклаў у бездань першы крок,
Ступіўшы першым смела ў век касмічны!
Твой дух, Радзіма, ў ім заўжды жыве,
Дух працы, дух стваральнага гарэння,
Што, ідучы праз безліч пакаленняў,
Сам не паддасца старасці павек,
Бо рыцар твой і збраяносец верны
Завецца простым імем Чалавек!
1972