Работніцам завода «Нёман»
Пра цябе не чуў я песень звонкіх,
Сціплая дзяўчына з Наднямоння,
Хіба толькі стромкія сасёнкі
Прашумяць імя тваё спрасоння...
Як яны гамоняць патаемна,
Быццам бы на мове чалавечай!..
Я падслухаў голас іх прыемны
Ў падарожны час аднойчы ўвечар...
За сасновым гаем дым і трубы,
Непрасторна ў тых заводскіх цэхах.
Ты ідзеш на змену. Гасяць губы
Пад сур’ёзным тварам іскры смеху...
Варыць шкло ў пякельнай ванне-печы
Майстар-чарадзей, на справы скоры.
На крышталь бясформенны
разметчык
Накладае будучыя ўзоры.
Вось прыйшоў ён да цябе, разьбярка,
Той крышталь, і мутны, і няяркі,
Каб заззяць у пераліўным руху,
Праз твае прайшоўшы дзіва-рукі...
Залатыя рукі... Ажывае
Той крышталь, нібы ўвабраўшы сонца,
Нібы грае ў ім вясёлка мая
На празрыстым і бліскучым донцы...
Нібы воч тваіх у ім іскрынкі
На чароўных гранях уваскрэслі,
Нібы ў ім гараць твае смяшынкі,
Нібы ў ім твае застылі песні!..
1960