Не сорам мне ў вочы табе зазірнуць,
Хоць бляск іх гарачы гады астудзілі,
Хоць спрэчкі, і крыўды, і слёз каламуць
Размецены часам, як даўнія былі.
Але ў блытаніне сустрэч і разлук
Высвечвае памяць з цямноты раптоўна
Ласкавасць вачэй і цяпло мілых рук,
Паходку й паставу князёўны чароўнай...
Што зробіш? Нас час апярэдзіў даўно.
Юнацтва махае рукой нам здалёку...
А ў мроіве бачыцца сад за акном,
Па роснай траве твае лёгкія крокі...
...І бродзіць у жылах старое віно —
Не хоча апасці асадкам на дно.