Не папракай, што трапіў я ў палон санета,
Дзе б’ецца плоць і кроў паэзіі ў цісках.
Ды яксьці ж пазнае таемны рух сусвету
Праз лінзу тэлескопа зорных скопаў маг?!
Вялікае ў малым праз дробную прыкмету
Шукаю, як раслінку ў нежывых пясках,
Каб фальшу медзякі нячыстаю манетай
Да рук не прыраслі, як ліпкая луска.
Праз вязь скупых радкоў быццё зямное бачыць,
Як той вучоны муж праз шкельца ўвесь сусвет,
Хіба ж не момант шчасны рэдкаснай удачы,
На пошукі якой і створаны паэт?!
Не шротам дробных слоў ягоны шлях назначан,
Вагой літых радкоў ён поўніць свой санет!