На Хандыгу,
На Хандыгу
Бягуць аўтамабілі,
Удзень і ўноч па трасе
Грукочуць і пыляць.
Тайга, тайга навокал,
Тайга за міляй міля...
Якая ты бясконцая,
Савецкая зямля!
На Хандыгу,
На Хандыгу
Між гор,
Што ў кола сталі,
Лагчынамі распадкаў,
Праз дым і праз туман
Бягуць аўтамабілі
Да светлавокай далі,
Дзе коціць хвалі сінія
Сівы дзядок — Алдан...
Праз Хандыгу,
Праз землі
Якуціі далёкай,
Дзе горы аж да неба
Уздыбілі хрыбты,
Ты вабіш мяне, Бацькаўшчына,
Усмешкай яснавокай,
Далёкая і блізкая,
Адна з адзіных
Ты!
За Хандыгай,
На захадзе,
За ціхаю ракою,
Мігцяць у цемры ночы
Прыветныя агні.
Танклявая бярозка
Махае мне рукою,
Напевам танкаструнным
Сасновы бор звініць...
О боль салодкі смутку,
О шчасны міг вяртання,
Бацькаўшчыны мілай
Блакітны пахкі дым!
Дарэшты поўна сэрца
Трывожным хваляваннем
І пачуццём любові,
Заўсёды маладым.
Праз Хандыгу,
За Хандыгу
Бягуць аўтамабілі,
Удзень і ўноч па трасе
Грукочуць і пыляць...
Да гэтых вандраванняў
Цябе так не любіў я,
Бязмежная, цудоўная
Савецкая Зямля!
1946