epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сябрына

 

Толькі стомлены бачаным,

Вочы на момант заплюшчу —

Паплывуць успаміны

Парожыстай шпаркай ракой:

Скібы чорныя хмар

Бліскавіцы крамсаюць рашуча,

Перуны грукацяць,

Быццам сотні цяжкіх цягнікоў...

 

Аднаві, мая памяць,

Гады маладосці кіпучай,

Гул гарачай крыві

І трывожных начэй неспакой!

 

Час — эпохі каморнік —

Адмераў мне восем дзесяткаў

Буравейных, грымотных

І сонцам залітых гадоў.

Што лічыў ён асноваю,

Я — толькі прыкрым выпадкам;

Што лічыў ён выпадкам —

Я — толькі набеглай бядой.

 

Але век не забыць нам,

Як ворагі мёртваю хваткай

Вырывалі штандар

З рук дзяржавы зусім маладой!

 

Але век не забыць

Юных тых камсамольскіх атрадаў

З песняй — яблычкам гучнай

Падцяўшых галодны жывот,

Што хадзілі ўсталёўваць навечна

Савецкую ўладу

У краіне, празванай

Краінай лясоў і балот.

 

Як жывых, бачу іх,

Безразважных, трывалага складу,

Племя смелых,

Глашатаяў ленінскай праўды жывой!

 

Памяць, высветлі зрокам відушчым

З нябыту часіны:

Аднаўленчы развой,

Вогнекрылай рамантыкі дух,

Гучны голас трыбун,

Звонкі спеў піянерскай дружыны,

Шчасце першых сустрэч

І шчымлівых расстанняў бяду!

 

І з’яўленне раптоўнае

Той непаўторнай, адзінай,

Што ўвайшла беззваротна

У свет тваіх дзей і задум.

 

...Прашумелі гады

Над маёй галавой пасівелай.

Азірнуўся:

Назад, як слупы верставыя, бягуць.

Не спыніць іх,

Як тых цягнікоў вогнедышныя целы,

Што нясуцца на ўсход,

Аглушаючы роўма тайгу.

 

О, радзімы зямля,

Ты ў гады ліхалеццяў нас грэла,

Цеплыню тваю ў сэрцы сваім

Пранясу, зберагу!

 

Бачу, бачу, нібы на экране,

Урыўкі ўспамінаў

Каляровымі кадрамі

Перад вачыма ўстаюць,

Дзе нарывам адзіным

З’яднаная цесна сябрына

На будоўлях кавала

Упартасць і мужнасць сваю.

 

Як сваіх дапрызыўнікаў,

Ты нас вучыла, Краіна,

Весці строем сталёвым

У заўтрашні дзень каляю.

 

Ажыві, мая памяць,

Імёны сяброў-аднагодкаў,

Юніёраў паэзіі

Маладнякоўскіх гадоў,

Хто яшчэ не зазнаў

Смаку славы атрутна-салодкай,

Чый яшчэ не блішчэў перламутрам

Гарачы радок!

 

Точыць сэрца мне скруха за тых,

Чый разгон быў кароткі,

Не прыпала каму

Размінуцца з падступнай бядой!

 

Абарвалася песня чыя

Недапетай актавай

Ад сляпое варожае кулі

На паўрадку,

Не дайшоў хто да Віслы, Дунаю,

Да Лабы ці Влтавы

З сшыткам вершаў,

Апаленых порахам,

У рэчмяшку;

 

Хто злажыў галаву

У імя найсвяцейшае справы,

Хто зламаўся ў дарозе,

Не трапіўшы ў родны свой кут.

 

Хто прайшоў цераз пекла вайны,

Цераз мукі палону,

У каго на рубцах

Непазбыўнае памяці соль,

Што смыліць аж дасюль,

Бы ў Савіцкага горкіх палотнах,

Як праклён чалавецтва,

Яго незагоены боль.

 

Хто праз смерць і пагібель

Дайшоў да зялёнага ўлоння

Слухаць вечную песню

Наднёманскіх родных дубоў.

 

Ці жалкуй ты ці не,

А не ўсё, аб чым марыў, збылося,

Вастралістам пякучым

Парэзы тых ран апалю.

Мала елася нам,

Мала спалася,

Мала пілося,

Покуль свет скалануў

Перамогі Вялікай салют.

 

Колькі іх, непрывечаных,

Добрых людзей засталося,

Колькі тых, неадпомшчаных,

Топча святую зямлю!

 

...Абярнуся назад,

А гады, нібы клін жураўліны,

Над сівой галавой

У бясконцую далеч плывуць...

 

І выразна мне бачыцца

У гурце юнацкай сябрыны

Тая, першая,

Мроіцца што ува сне й наяву,

З кім на досвітку росным

Хадзілі ў ажыны-маліны,

З кім пад месяцам срэбным

Тапталі атаву-траву.

 

А ці ж можна забыць,

Як шукаў да заімкі сцяжыну

Паміж сопак панурых

У сініх зыбучых снягах;

Як, самотай загнаны,

Галубіў чужую жанчыну,

Каб забыцца на тую,

Што здрадай адпудзіла страх?

 

Так і будзе, відаць,

Аж да самай канечнай гадзіны:

Ёй стаяць, як дакор,

Знакам зла і дабра ў галавах.

 

А яшчэ усплываюць гады,

Дзе пад небам айчыны

Трапяталі ружовыя чайкі

Высокіх надзей,

Дзе героі туманаў і гор

Былі тою сябрынай,

Што трывала яднала

Адважных суровых людзей.

 

Як шкада,

Што ў бакі паразбегліся

Іх каляіны,

Што дружыны той шэрагі

З часам радзей і радзей!

 

Углядаюся пільна

Праз вэлюм харэяў ды ямбаў,

Як нясуць верталёты над тундрай

Маіх землякоў,

Аж туды, дзе гудзе

Ашчацінены вышкамі Ямбург,

Дзе мігцяць з вышак тых

Ланцужкі светлякоў-аганькоў,

 

Дзе спрадвечнай здзічэлай маўклівасці

Сказана: амба!

Дзе парушаны раз назаўжды

Камарыны спакой.

 

...Памяць, рэха тваё —

Гэта песня, прапетая ўчора,

Перажытага попел

І жар неастылай крыві.

З перабітым крылом

Я адольваў твае крутагоры,

Каб узняцца вышэй

Над былым і наступным сваім.

 

Блаславёнаю будзь,

Маіх продкаў зямля-непакора,

За бацькоўскую мову,

За шчасце быць сынам тваім!

 

І таму я між тых,

Хто планеце нясе мірны атам,

Хто страшыдлу вайны

Кажа цвёрда і коратка: згінь!

Хто сябрыну ўсяго чалавецтва

Нястомна і ўпарта

Заклікае да мірных

Бяз’ядзерных, шчасных часін.

 

Наша маці-зямля

На дары і даброты багата,

Хай не будзе галодным на ёй

Чалавек хоць адзін!

 

Хай гучыць з краю ў край:

Мір тваім гарадам і хацінам,

Твайму чыстаму небу

І сэрцам гарачым тваім,

Шматмільённага люду

Працоўнага ладу, сябрына!

Мы на гэтым стаялі

І цвёрда на гэтым стаім!

 

Мы на гэтым стаялі

І цвёрда на гэтым стаім!

 

1986




Тэкст падаецца паводле выдання: Звонак А. Сябрына: Выбраныя творы: Вершы, паэмы. 1925-1985 / Прадм. Р.Няхая. - Мн., "Маст. літ.", 1987.