З глыбінь нялёгкіх дум вярнуў ты шчасце
мне,
Як ноч вяртае дню расой умыты ранак.
Вось-вось — і смык струну скрыпічную кране,
І гукаў вадаспад пальецца нечакана...
І забярэ ў палон, і ўладна павядзе
Да снегавых хрыбтоў, да сіняга бяздоння,
І на світальны змрок святлісты пырсне дзень,
І сонцу лісце дрэў зашэпча штось спрасоння...
І свет высокіх мар, і пошукаў, і ўдач
Раптоўна ажыве акрэсленай надзеяй...
Пяе ў душы матыў, што абудзіў скрыпач,
І кроў бяжыць хутчэй, і сэрца маладзее...
Натхнення валадар і гукаў чарадзей,
Якія сілы ты ў людскіх пачуццях будзіш,
Каб у пялёстках хмарак распускаўся дзень
І каб салодкі сум штуршкамі біўся ў грудзі?
Так першы дождж вясны на суш зямлі ліне,
Раскроіўшы заслону хмар лязом маланак...
Дум светлых чысціню вярнуў ты раптам мне,
Як ноч вяртае дню расой умыты ранак...
1960