Добра лёгкім надыхацца ўдосталь
Перамытым дажджамі паветрам!
Добра спраўдзіць сатканыя сцюжай
Прадчуванняў зімовыя сны!
І адчуць, як бягуць легканогія,
Трапяткія вясновыя ветры
Лашчыць грыўкі зеленатравыя
Маладой легкадумнай вясны...
Ах, красуня! Гамонку ўзнаўлення
Чую ў срэбры тваіх ручаінак!
І навострана вока на цуды,
І на дзівы настроены слых:
Ажываюць ад сонечнай ласкі
Мірыяды іскрынак-расінак,
Мірыяды раслінак-травінак,
Мірыяды лічынак малых...
І над тым ізумрудным разводдзем,
Дзе разбуджаных нетраў дыханнем
Уздымаецца цёплая пара
Ад вільготных узоравых скіб,
І над тым шклобетонным калосам,
Дзе лягла прамізна скрыжаванняў,—
Раскалолася зыркая сонечнасць
На праменьчыкі ўсмешак людскіх...
Той зямной пекнатой дух працяты
Акрыяе, уражаны раптам,
Ад цяпла на душы загрубелай,
Ад святла ў пацьмянелых вачах!
Ён пакліча у далеч паходаў
Па нязведаных сонечных трактах,
Дух вандроўны няўтольных шуканняў,
Што да сівых гадоў не ачах...
Крылы ўзяць бы ў юнацтва на шчасце
Для палёту арлінай дарогай,
Скуль відаць, як на цёплай далоні,
Ўся залітая сонцам зямля!
Глянеш проста ў людскія абліччы —
І мякчэе іх выраз нястрогі;
Глянеш вышай — расчэрчвае неба
Рэактыўнага следу пятля...
Так і трэба! Вясна, гулкім рэхам
Поўні вушы, і душы, і сэрцы
Тым, хто створан для міру і шчасця
Для адвагі, для працы, для ўцех!
Хай растуць толькі кветкі і злакі
Для працягу жыцця, а не смерці,
Хай растуць толькі травы і дрэвы,
Хай цвітуць толькі песні і смех!..
1967