***
Калі гляджу на роднае аблічча,
Разцом паўторанае тысячы разоў,—
Здаецца, ён жывы, ён побач, блізка,
На бранявік вось толькі узышоў;
Вось-вось — і выбух слоў над светам хмурым,
Падобны грому, хмары разарве,
І грозны час рабочай дыктатуры
З «Інтэрнацыяналам» ажыве;
І хартыяй навечнае свабоды
Раптоўна захістаецца зямля,
І вочы ўсіх прыгнечаных народаў
Скіруюцца з падзеяй да Крамля!
***
Калі гляджу на роднае аблічча,
Узнятую руку, прыжмур вачэй,—
Здаецца, ён жывы, ён побач, блізка,
Ён нас зусім не пакідаў яшчэ.
У нашых справах, гучных і кіпучых,—
Яго рука, яго жывы удзел.
Ён з намі браў гадоў ваенных кручы,
Ён з намі быў у шчасці і ў бядзе.
І чым далей ад нас гады адходзяць,
Тым ён бліжэй да нас штодзень, штогод,
Тым ён глыбей жыве ў душы народа,
Тым вышай веліч простая яго!
***
Калі гляджу на роднае аблічча,
На востры зрок з-пад стомленых павек,—
Вось-вось з граніту сыдзе просты, блізкі
І самы чалавечны Чалавек!
І слоў яго гарачае дыханне
Высокай мудрасцю душу кране,
І век нябачаных у свеце пачынанняў
Да подзвігаў вялікіх развіне.
У дзень яго зямнога нараджэння
Да сэрца зноў прыслухайся свайго,
Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем
Хоць кроплю быць падобным да яго!
1960