Хадзілі па следу звера,
Здабычу сваю шукалі,
На громам пасечаны бераг,
Маланкай пабітыя скалы.
Над скрэсленым тварам вечара
Вісеў фіялетавы купал,
І з пасткі халоднага глетчара
Струменьчыкі біліся скупа.
А вецер з душой непрыкаянай
Еў вочы прыгарам горкім,
І кедрык, задушаны камнем,
Туліўся на голым узгорку.
Упартыя, сцежкай звярынай
Па краю зарослага кратэра
Спускаліся ў лона даліны
Крылатай надзеі старацелі.
Звінелі сталёвыя кайлы,
Быў дзень, як хвіліна, кароткі...
Як сонца асколкі, ляжалі
На донцах бутар самародкі...
І гордыя шчасцем удачы,
Знаходкаю гордыя плённай,
Лічылі, што лёс яе значыў
На лініях цёплай далоні...
...Далёкія дні і падзеі
Так многа душы маёй значаць!
Я знаю: чакае надзея
Мяне з самародкам удачы...
1949