У студзеньскую поўнач снегавую
Вятры зімы распачалі грызню.
Я па табе сягоння не сумую,
Цябе я не чакаю ўпершыню.
Будзь госцем, успамін, хоць і нязваным
Хоць сёння я табе не вельмі рад.
Замкнуўся круг жаданняў неспазнаных
Як на камлі пазнання зла й дабра.
Здаецца, свет увесь снягамі ўсланы,
А ў шыбы б’ецца новы дзень крылом.
І ўжо, як намець, смутак прэч змяло
Світанкам ясным і доўгачаканым.
І новым прадчуваннем ажыло
Усё, што завяршыць наканавана.