Я ўдыхаў салёны водар мора
Ля крутых ахоцкіх берагоў.
Сябар мой — эвенк, не ведаў зморы,
Кавасакі ладзячы на ўлоў.
Мы хадзілі разам на марзвера:
Білі нерпу, білі сівуча,
І губляўся наш далёкі бераг
Ў непрыглядных штармавых начах.
Шумавалі ветры, гнулі снасці,
Аднавокі дзесь мігцеў маяк.
Сплёўваў сябар мой у твар напасці,
Самасад пакурваючы ўсмак.
Ад яго пазычыў я трываласць,
Мужнасць сэрца і халодны зрок,
Цвёрдасць рук на вахце ля штурвала,
На крутым уздыме роўны крок.
Шквал сціхаў. На цёмным небасхіле
Высыпала ноч мільёны зор,
І спяваў эвенк аб краі мілым,
Аб далёкім чуме паміж гор:
Як на шпаркім залатым алені
Новага жыцця прыслаў закон
Неўміручы волат — мудры Ленін,
Бацька ўсіх народаў і плямён...
Я ціхутка песні той уторыў
Мовай сэрца, моваю бацькоў.
...Акіян гайдаўся на прасторы,
Дзень займаўся на хрыбце вякоў.
1953