Спаў мірны горад. Чорны аксаміт
Нябёс, расшытых бісернаю плоймай,
Прыкрыў зямлю, як старадаўні шчыт,
Каб спала сэрца Азіі спакойна.
І раптам — гул. І ў дробны друз граніт
Умомант скрышан сілай неўтаймоўнай.
І лёг стагодні пыл на мармур пліт,
І пацямнеў абрыс красы чароўнай...
Але ўстаяў і перамог хаос
Назло сляпой стыхіі раззлаванай
Краса Усходу — Азіі калос!
Я быў з табой у дзень той акаянны.
І твой, як свой, я ў сэрцы боль пранёс,
Каб зажылі зямлі жывыя раны.