У дзве шарэнгі ліхтары, як гузікі,
Уздоўж праспекта мільгацяць ігрыста.
Надрыўна хтось раве: «Спыніце музыку!» —
Напэўна, ён, начны тыран — транзістар!
І вось таму, што нейчая каханая
З другім пайшла віхляцца, а не з гэтым,
Сон, цішыня, на шмоцце пашматаныя,
Бязглузда ў шыбы б’юцца тым куплетам.
А ў вышыні цямнеюць гмахі выспамі
І гаснуць вокан залатыя соты...
Я тым, хто крыкаў шрот бязладны высыпаў,
Хачу гукнуць: Цішэй вы, абармоты!
Стамлёны горад хоча добра выспацца,
Яму ж уранку заўтра на работу!