Як першы крок вясны прыветнай,
Устала сонца над гарой,
І лёд, бы камень самацветны,
Блішчыць праменнаю ігрой.
І вось з усмешкаю дзявочай
Вясна кідаецца ўпярод,
У светлы пробліск белай ночы,
У сініх дзён кругазварот.
Рвучы скалы крутыя сцены,
Спаўзаюць з гор ледавікі,
Кладуцца донныя марэны
Пачаткам будучай ракі.
І гулкі пошчак б'ецца ў кручы
Стыхій раз’юшаных гульнёй,
І абнімаецца пявучы
Вятрыска з юнаю сасной.
Вясна ідзе да нас па Поўнач
Пад грукат рэк, птушыны крык,
Бы напаіў вадой чароўнай
Яе раптоўна чараўнік.
А ці даўно ліхой пургою
Тут ахіналі сцюжы нас?
Ды ўжо ідзе хадой другою
Інакшы дзень, інакшы час.
Ў тры паясы ўстаюць вясёлкі,
Грыпяць грамы над галавой.
Агні далёкага пасёлка
Прынаднай вабяць цеплынёй.
Я палюбіў той край шахцёраў,
Суровай дружбы пачуццё,
Геолагаў вясёлы нораў
І іх вандроўнае жыццё,
Шуканняў доўгіх асалоду,
Гул руднікоў, шырокіх лаў,
Людзей нязломнае пароды —
Адвагі з працай стойкі сплаў.
1954